Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

У Магілёве назіральнікаў ад АГП не дапускаюць да назірання

Усё гэта адбываецца на тэрыторыі Магілёўскай-Прамысловай выбарчай акругі №87. Вядома пра нядопуск да назірання за галасаваннем не меней як 30 чалавек.

Афіцыйнай гэта тлумачыцца тым, што на пратаколах вылучэння назіральнікаў ад Магілёўскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі няма пячаткі.

Лідэр магілёўскай арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў паведамляе, што ён звяртаўся ў Цэнтрвыбаркам за ўдакладненнем: яму паведамілі, што акруговая выбарчая камісія не правільна зразумела працэдуру і АВК рэкамендавалі дапусціць усіх назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі.

 “Старшыня акруговай выбарчай камісіі №87 сп.Кажэмякін мне сказаў так: ёсць пячатка – няма праблем. Аднак пячаткі ў нашай абласной арганізацыі АГП няма. Яму ўсё адно, што яму рэкамендавала Цэнтральная камісія - кажа, што ў яго на гэта ёсць асабістае меркаванне. Я лічу, што сваімі дзеяннямі сп.Кажэмякін зрывае незалежнае назіранне, каб прасунуць рознымі шляхамі свайго калегу па працы на “Магілёўхімвалакно”, які вылучаецца ў дэпутаты па ягонай акрузе - кіраўнік праўладнага прафсаюзу на прадпрыемстве Ігар Станкевіч. Спадар Кажэмякін, будучы начальнік ідэалагічнага ўпраўлення на “Магілёўхімвалакно”, верагодна, забяспечвае яму ідэалагічную перамогу”, - мяркуе Уладзімір Шанцаў.

Праваабаронца Барыс Бухель лічыць, што нядопуск назіральнікаў да іх працы з’яўляецца незаконным:

“Паводле заканадаўства парадак вылучэння назіральнікаў вызначае Цэнтральная выбарчая камісія, якая вызначыла, што ў пратаколе пасяджэння структурнага падраздзялення партыі ці грамадскай арганізацыі пячатка ставіцца толькі пры яе наяўнасці. На сайце Цэнтрвыбаркаму ёсць узор бланку пратакола пасяджэння па вылучэнні прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісій. Там напісана, што пячатка ставіцца на пратаколе толькі пры яе наяўнасці”.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма