Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Слуцк: Віталь Амяльковіч абскардзіў рашэнне адміністрацыйнай камісіі ў судзе

  • Віталь Амяльковіч
    Віталь Амяльковіч

Грамадскі актывіст не згодны з рашэннем адміністрацыйнай камісіі Слуцкага райвыканкама, якая прызнала яго вінаватым у расклейванні налепак і аштрафавала на мільён рублёў. Віталь Амяльковіч звярнуўся са скаргай у суд Слуцкага раёна.

Нагадаем, адпаведнае рашэнне камісія вынесла 6 верасня. На паседжанні Віталь Амяльковіч так і не даведаўся імя міліцыянта, які яго затрымліваў ноччу 14 ліпеня каля ўласнага дома. Тады супрацоўнік міліцыі, не прадставіўшыся, паведаміў Віталю, што бачыў, як ён расклейваў налепкі каля крамы. Пазней у працэсе вядзення адміністрацыйнага працэсу міліцыянтамі Слуцкага РАУС дапускаліся грубыя парушэнні: Амяльковічу не тлумачылі яго правы і абавязкі. На просьбу паказаць у пратаколе прозвішчы тых сведкаў, якія абвінавачвалі яго ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння, актывісту адказалі, што сведак ён убачыць у судзе.

Аднак суд, прызначаны на 27 ліпеня, не адбыўся па невядомых Амяльковічу прычынах.
Гісторыя атрымала працяг толькі 6 верасня, калі ў Слуцкім райвыканкаме адбылося паседжанне адміністрацыйнай камісіі.

- Некалькі разоў я звяртаўся да сябраў камісіі наконт устанаўлення асоб, якія абвінавачваюць мяне ў расклейцы нейкіх улётак, і выкліку іх на паседжанне ў якасці сведак, - піша ў скарзе Амяльковіч. - На ўсе звароты мне казалі, што я павінен быў самастойна высвятляць праз Слуцкі РАУС, хто гэтыя людзі. Задаўшы пытанне, хто ж канкрэтна мяне ў чымсьці абвінавачвае, хто з'яўляецца сведкам, пачуў адказ, што вінаваціць мяне і адначасова з'яўляецца сведкам Слуцкі РАУС (трэба меркаваць ў поўным складзе).

Грамадскі актывіст лічыць рашэнне адміністрацыйнай камісіі пры Слуцкім райвыканкаме незаконным, неабгрунтаваным і падлягаючым адмене па шэрагу прычын. Ён просіць адмяніць пастанову і спыніць у дачыненні да яго справу аб адміністрацыйным правапарушэнні.

«Праваабаронцы за свабодныя выбары»

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма