Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Назіральнік Леанід Гаравы “дэстабілізаваў працу ўчастковай камісіі”

  • Леанід Гаравы, актывіст БСДП (Грамада)
    Леанід Гаравы, актывіст БСДП (Грамада)

"Дэстаблізацыя" заключалася ў тым, што назіральнік БСДП(Грамада) спадар Гаравы сфатаграфаваў панараму выбарчага ўчастка, а пасля пратэсту старшыні патэлефанаваў у акруговую выбарчую камісію.

Перад пачаткам датэрміновага галасавання з месца, адведзенага для назіральнікаў, Леанід Гаравы зрабіў пару здымкаў агульнай панарамы выбарчага ўчастка. Гэта было заўважана сябрам камісіі Нінай Леванчук, якая заявіла старшыні камісіі, што менавіта яго сфатаграфаваў назіральнік. Гэта паклала пачатак скандалу.

"Пасля гэтага старшыня камісіі Пётр Прасолаў запатрабаваў выдаліць з фотаапарата здымкі камісіі, бо фатаграфаванне на ўчастку "дэстабілізуе працу ўчастковай камісіі". А мяне прыгразіўся  выдаліць з участка. Я не пагадзіўся з такім разуменнем старшыні камісіі нормаў адкрытасці і галоснасці на Гагарынскім участку і запатрабаваў кнігу прапаноў і заўваг. Але пададзеная праз дзесяць хвілін кніга заўваг і прапаноў аказалася не пранумараванай, не прашытай і не апячатанай. Пра гэта я і зрабіў першы запіс. Але Пётр Прасолаў пасля таго, як сакратар выправіла гэтыя недахопы, даў каманду больш не даваць мне гэтую кнігу”, - распавядае спадар Гаравы.

Назіральнік быў вымушаны патэлефанаваць у акруговую камісію дзеля інфармавання аб самаўпраўных дзеяннях старшыні камісіі. Але Пётр Прасолаў тут жа заявіў, што і тэлефонны званок з участка “дэстабілізуе працу ўчастковай камісіі".

"Калі мне паўторна было заяўлена, што мяне выдаляць, я папрасіў даць мне на рукі пісьмовае распараджэнне пра выдаленне з участка і пра яго прычыны. Толькі тады старшыня супакоіўся – перастаў пагражаць і нават загадаў зноў прынесці кнігу скаргаў і прапановаў.  Я зрабіў шэраг запісаў. У тым ліку  і пра тое, што  камісія змяніла месца дыслакацыі, яна месціцца на маленькай плошчы фае спартовага зала. Для назіральнікаў адведзена месца, з якога яны бачаць толькі спіны выбаршчыкаў", - дадае Леанід Гаравы.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма