Баранавічы: большасць рэспандэнтаў “Intex-press” не збіраецца галасаваць датэрмінова
Баранавіцкая недзяржаўная газета “Intex-press” 18 верасня правяла відэаапытанне грамадзян горада і паказала яго на сваім уласным сайце www.intex-press.by. Чытачам было прапанавана адказаць на адно пытанне: “Ці будзеце вы галасаваць датэрмінова на гэтых парламенцкіх выбарах”? Абсалютная большасць рэспандэнтаў адказала, што не пойдзе на датэрміновае галасаванне, а прагаласуюць менавіта 23 верасня. У адказах грамадзян адчуваецца моцны недавер да дэпутатаў парламента і іх рэальнай магчымасці змяніць жыццё людзей ў лепшы бок.
Між іншым, у першы дзень датэрміновага галасавання 18 верасня высветліліся факты ціску на выбаршчыкаў з мэтаю прымусовага галасавання. На выбарчым участку № 19 (Дзіцячая паліклініка, вул. Чкалава, 2) па Баранавіцкай-Усходняй выбарчай акрузе № 6 масава галасавалі студэнты Баранавіцкага дзяржаўнага універсітэту. Найбольш смелыя са студэнтаў паведамілі, што іх абяцалі выселіць з інтэрнату, калі яны не прагаласуюць датэрмінова.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма