Затрыманага віцебскага назіральніка будуць судзіць за пікет
Яўгена Гуцалава затрымалі 18 верасня каля 14 гадзін на ўчастку №71 Віцебскай- Кастрычніцкай акругі. Яго вінавацяць у правядзенні несанкцыянаванага пікету, але якога менавіта – сваякам і аднадумцам актывіста ў міліцыі не паведамілі.
Сябры перадалі хлопцу прадукты, пакуль ён яшчэ знаходзіўся на допыце ў Кастрычніцкім РАУС. Потым Яўгена Гуцалава накіравалі ў ізалятар часовага ўтрымання, а сваякам праз актывіста Пятра Іванова перадалі просьбу затрыманага – знайсці адваката.
"У апошнія дні ў Віцебску адбылося некалькі акцый за байкот выбараў. За што канкрэтна затрымалі Яўгена, мы не ведаем. Дакладна вядома толькі тое, што падчас нейкай акцыі ён затрыманы не быў. Але яшчэ ўчора зранку, калі Яўген накіраваўся назіраць за выбарамі на ўчастак, да яго дадому прыходзілі міліцыянты. Распытвалі, дзе яго можна знайсці," - распавяла каардынатарка па стварэнні партыі БХД Таццяна Севярынец.
Суд над Яўгенам Гуцалавым мае адбыцца ў Кастрычніцкім райсудзе Віцебску. Калі пачнецца працэс, не вядома. Спачатку актывіст мусіць сустрэцца з адвакатам і пазнаёміцца з матэрыяламі справы.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма