“Назіральнік павінен сядзець на адведзеным месцы…”
У мазырскага незалежнага назіральніка Уладзіміра Целяпуна, вылучанага грамадзянамі на паседжанні камісіі выбарчага ўчастка №18, першы дзень датэрміновага галасавання пакінуў непрыемнае ўражанне.
Загадзя прыйшоўшы на выбарчы ўчастак, каб зарэгістравацца і прыступіць да выканання сваіх абавязкаў назіральніка, ён сутыкнуўся з вельмі нервовымі і нястрыманымі паводзінамі з боку Івана Навіцкага, намесніка старшыні УВК №18.
- Спачатку Навіцкі параіў мне пайсці ў акруговую камісію і пакінуць там заяву пра намер зарэгістравацца назіральнікам на выбарчым участку №18. Загадаў Т.Капельян, сакратару камісіі, патэлефанаваць у АВК і ўдакладніць (або атрымаць дазвол?) на рэгістрацыю мяне назіральнікам на участак, - распавядае Уладзімір Целяпун. - Каб заняць гэты прамежак часу, Навіцкі, натуральна, учыніў мне допыт, цытуючы артыкул 13 Выбарчага кодэкса: ці з’яўляюся я дэпутатам усіх сходаў і саветаў, ці сябра палітычнай партыі, якога грамадскага аб’днання… За гэты час прыйшла сакратар камісіі і, зрабіўшы ківок згоды (альбо дазволу звыш?), пачала запісваць маё прозвішча ў журнал рэгістрацыі.
Далейшае незадавальненне намесніка старшыні ўчастковай выбарчай камісіі вызвала спроба назіральніка падыйсці да скрыні, каб паглядзець на якасць заклейвання шчыліны і праверыць наяўнасць подпісаў сябраў камісіі.
- На гэта я пачуў ад Івана Навіцкага: “Назіральнік павінен сядзець на адведзеным месцы, а не разгульваць па памяшканні”, - адзначае праваабаронца.
Таксама неахвотна, з вялікімі паўзамі камісія давала назіральніку інфармацыю аб колькасці выбаршчыкаў на ўчастку.
Варта нагадаць, што УВК №18 пераважна (7 чалавек з 13) складаецца з прадстаўнікоў ААТ “Беларускабель”. Старшынёй камісіі прызначаны малады дырэктар ААТ “Беларускабель” Дз. Ракаўчук, намеснікам старшыні камісіі — намеснік Дз. Ракаўчука па ідэалогіі — І. Навіцкі, сакратаром – Т.Капельян, які займае пасаду намесніка начальніка адзела кадраў гэтага ж прадпрыемства. У склад камісіі ўваходзяць таксама начальнікі аддзелаў В.Ранчынскі, В.Гушчын, майстар С.Лешчанка (БРСМ), інжынер А. Шчэрбіна, начальнік ЖЭУ-9 М.Шлыкаў, інжэнер ЖЭУ-9 С. Далінскі, загадчыца дзіцячага садка Цалка, прадстаўнік ад “Белай Русі” В.Васько і прадстаўнік райвыканкама, так званы куратар, Г.Бельская.
На мінулых выбарах у ПП НС 2008 года Уладзімір Целяпун вельмі актыўна аспрэчваў уключэнне ў склад акруговай выбарчай камісіі толькі прызначанага намеснікам дырэктара па ідэалогіі ААТ “Беларускабель” Івана Навіцкага.
- Прычынай было тое, што ніхто не мог узгадаць, калі адбылася канферэнцыя працоўнага калектыва (і хто і калі вылучаў дэлегатаў на гэтую канферэнцыю) па вылучэнні І. Навіцкага ў склад Мазырскай акруговай выбарчай камісіі. А пасля скаргаў у Генпракуратуру Цэнтрвыбаркаму прыйшлося ставіць даты на гэтых пратаколах ранейшым чыслом, - дзеліцца ўспамінамі Уладзімір Целяпун.
Сам назіральнік адпрацаваў на ААТ “Беларускабель” больш за 30 гадоў, у тым ліку і з некаторымі сябрамі сёлетняй участковай камісіі №18. У 2010 годзе пасля выбараў у мясцовыя саветы дэпутатаў (тады У. Целяпун вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Гомельскага аблсавета і быў даверанай асобай у другога кандыдата ў дэпутаты Мазырскага райсавета палітрэкрута Ф. Вячоркі) з ім, без усялякіх на тое прычынаў, не быў працягнуты працоўны кантракт. На той час Уладзімір Целяпун займаў пасаду начальніка тэхнічнага аддзела прадпрыемства.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма