Рэчыца: “Белая Русь” заахвочвае да датэрміновага галасавання шакаладам
У першы дзень датэрміновага галасавання ў г. Рэчыца на выбарчым участку № 8 выбаршчыкам, якія прыйшлі галасаваць першымі, уручалі шакалад. Ад імя арганізацыі “Белая Русь” шакалад уручала намесніца старшыні ўчастковай выбарчай камісіі Валянціна Няволіна. “Белая Русь” падтрымлівае ў Рэчыцкім раёне кандыдата ў дэпутаты Адама Вашкова.
Памяшканне ўчастку для галасавання № 8 па выбарах у Палату прадстаўнікоў размешчана ў кінатэатры “Беларусь”, што знаходзіцца ў г. Рэчыцы па вуліцы Савецкая, 39. Як распавядаюць мясцовыя жыхары, у першы дзень датэрміновага галасавання выбаршчыкі, якія прышлі галасаваць першымі, атрымалі на гэтым участку пліткі шакаладу.
Шакалад уручала намесніца старшыні ўчастковай выбарчай камісіі Няволіна Валянціна Яўгенаўна. Яна казала выбаршчыкам, што гэта – падарунак ад імя арганізацыі “Белая Русь”. Пакуль невядома, ці будзе практыкавацца такое заахвочванне штодзень, ці гэта была разавая акцыя.
Праўрадавая арганізацыя “Белая Русь” у Рэчыцкай выбарчай акрузе падтрымлівае кандыдата ў дэпутаты Адама Вашкова, які з’яўляецца генеральным дырэктарам рэчыцкага метызнага заводу і сябрам гэтай арганізацыі.
В.І. Няволіна (на здымку) – дырэктар дзяржаўнай установы адукацыі “Рэчыцкая школа-інтэрнат для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў”. Ва ўчастковую выбарчую камісію была вылучана працоўным калектывам сваёй установы.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма