Арышт на 7 сутак за заклікі да байкоту "ад імя Лукашэнкі"
Кастрычніцкі райсуд Віцебску прысудзіў 7 сутак арышту прыхільніку БХД Яўгену Гуцалаву. Хлопец аднаасобна здзейсніў крэатыўную акцыю, заклікаючы быйкатаваць выбары: апрануў "маску" – партрэт Аляксандра Лукашэнкі і выйшаў з з плакатам "Байкот парламенцкім выбарам 2012" у цэнтр гораду.
Менавіта таму, што актывіст вырашыў праводзіць акцыю ў самым цэнтры Віцебску, яго вельмі хутка "вылічылі" супрацоўнікі міліцыі. Бо тут усталяваныя відэакамеры, якія і зафіксавалі дзеянні хлопца. Апрача гэтага, на фотаздымках, размешчаных на сайце БХД, можна разгледзець татуіроўку на руцэ ў хлопца. І параўнаць яе з "арыгіналам" аказалася таксама дужа проста…
Зрэшты, Яўген Гуцалаў і не думаў хаваць таго, што праводзіў акцыю. Ён шчыра сказаў у судзе, што такім чынам выказваў уласную палітычную пазіцыю. А маску "Лукашэнкі" апрануў "для крэтыўнасці".
Суддзя Іна Грабоўская прысудзіла хлопцу 7 сутак арышту. Адны суткі ён ужо адбыў у ізалятары часовага ўтрымання: Гуцалава затрымалі ўчора на выбарчым участку, дзе ён быў назіральнікам, адвезлі спачатку на допыт у міліцыю, а потым змясцілі на ноч у ІЧУ.
Тая самая суддзя Грабоўская ўжо судзіла актывіста за заклікі да байкоту, калі 3 ліпеня яго затрымалі за распаўсюд улётак каля віцебскага ЗАГСа. Яго аштрафавалі на 2,4 мільёны рублёў. Праўда, не за пікетаванне, а за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі і "лаянку матам" падчас затрымання.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма