Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Віцебскаму назіральніку пагражаюць крымінальнай справай за згвалтаванне

Пагроза прагучала на адрас назіральніка ад партыі левых "Справядлівы сьвет" Вадзіма Кузьміна. Каб абараніцца ад паклёпу, ён звярнуўся ў пракуратуру: "Мяне папярэдзілі: калі не забяру свае скаргі і не напішу абвяржэнне ў інтэрнэце, супраць мяне можа з'явіцца заява пра згвалтаванне студэнткі-выбаршчыцы".

Вадзім Кузьмін зарэгістраваны назіральнікам на ўчастку №48 Віцебскай Кастрычнцкай акругі. Там галасуюць студэнты ліцэю, і ў першы ж дзень датэрміновага галасавання спадар Кузьмін зафіксаваў, што дзяўчат выклікаюць з інтэрнату, і яны "пазнаюць" па партрэтах на стэндзе "патрэбнага" кандыдата.

Наступствы з'яўлення ў інтэрнэце гэтай інфармацыі былі нечаканыя, распавёў назіральнік:

"Старшыня камісіі, адразу згадала, што яны дырэктар гэтай навучальнай установы. Выклікала дзяўчат-стадэнтак, якія галасавалі разам, стала іх распытваць, пра што яны са мной размаўлялі. Я яшчэ ўчора заўважыў, што па іх пасылалі ў інтэрнат, агітавалі ійсці галасаваць, бо інакш ім "не хопіць падарункаў" – асадак,  якія дарылі тым, хто галасуе ўпершыню… Старшыня камісіі ператварыла ўчастак для галасавання ў свой уласны кабінет: рассадзіла дзяўчат за сталы, дзе ляжаць усе бюлетэні, спісы,  гэтак далей, і прымусіла пісаць тлумачэнні. Я зноў стаў пісаць скаргу: гэта ж парушэнне, бо на ўчастку не мусяць знаходзіцца пабочныя асобы. Тады старшыня камісіі загадала вызваліць ад папер адзін стол і вынесці яго ў калідор".

Пакуль дзяўчаты пісалі тлумачэнні, выбарчы ўчастак не працаваў, бо праход туды быў перагароджаны тым самым сталом, кажа Вадзім Кузьмін. Яму тым часам давялося размаўляць з прадстаўнікамі гарвыканкаму, якіх выклікалі на ўчастак. Гэтых людзе было некалькі, кажа назіральнік, але аднаго з візіцёраў ён пазнаў – начальніка ідэалагічнага аддзела гарвыканкаму Дзяніса  Глуткіна.

Тое, што казаў чыноўнік, абурыла Вадзіма Кузьміна, ужо сталага чалавека, вайскоўца ў адстаўцы:

"Ён сказаў, што я, аказваецца, "зорка інтэрнэту", і што распаўсюджваю нейкія не тыя звесткі. Таму мушу размясціць у інтэрнэце абвяржэнне і забраць усе свае скаргі. Я сказаў, што ў інтэрнэце нічога не размяшчаю, а проста паведамляю пра парушэнні. Скаргі ж забіраць не буду, быў відавочцам парушэнняў. Тады мне сказалі: "Вадзім Мікалаевіч, рыхтуйцеся. Цалкам верагодна, што адна з тых дзяўчат напіша заяву, што вы яе згвалцілі!". Я сказаў, што гэта ўсё у іхных сілах, развярнуўся ды сышоў".

Пра гэтыя пагрозы Вадзім Кузьмін сам напісаў заяву – у раённую пракуратуру. І распавёў пра інцыдэнт праваабаронцам. У тым ліку і пра тое, што камісія абвясціла яму папярэджанне за неадпаведныя паводзіны на выбарчым участку.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма