Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Студэнтам БНТУ абяцаюць выходныя за датэрміновае галасаванне

На факультэце інфармацыйных тэхналогіяў і робататэхнікі прагаласаваць датэрмінова заклікаюць найбольш актыўныя студэнты. Такім чынам яны перадаюць пазіцыю дэканату і адміністрацыі інтэрнатаў. У якасці заахвочвання абяцаюць на два дні вызваліць ад вучобы.

Кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” стала вядома,  што афіцыйнага загаду рэктарату БНТУ пра выходныя дні ў пятніцу і суботу (21 і 22 верасня) няма, але існуе вуснае абяцанне ад адміністрацыі ўніверсітэта. Прычым агучваюць яго студэнты, якія самыя жывуць у інтэрнаце, каб не пазбавіцца таннага жылля.

Такая самая практыка ў БНТУ існавала і падчас прэзідэнцкіх выбараў у 2010 годзе. Але тады прагаласаваць прымушалі супрацоўнікі дэканату. “Спачатку намеснік дэкана факультэта інфармацыйных тэхналогіяў і робататэхнікі прасіла прагаласаваць датэрмінова, а бліжэй да асноўнага дня галасавання прыходзіла ў пакой да студэнтаў і загадвала наведаць выбарчы ўчастак датэрмінова. Студэнтам пагражалі, што інакш іх не заселяць у інтэрнат у наступным семестры”, - паведаміла крыніца.

Існуе інфармацыя, што гэтаксама на датэрміновае галасаванне заганяюць студэнтаў будаўнічага факультэта, прычым як іншагародніх, так і мінчукоў. Аднак адміністрацыя БНТУ гэты факт адмаўляе.

Студэнтаў, якія актыўна выказваюць пратэст і адмаўляюцца ад датэрміновага галасавання няшмат. Большасць проста не агучвае сваю пазіцыю адносна выбараў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма