Слуцк: «Сказалі прагаласаваць ўсім датэрмінова, інакш звольняць»
Назіральнік ад КХП-БНФ Юлія Балакір, якая працавала на ўчастку № 5 па Слуцкай выбарчай акрузе № 67, стала сведкай выпадку, калі выбаршчык прызнаўся ў прымусе да датэрміновага галасавання.
Па словах Юліі Балакір, у другі дзень датэрміновага галасавання на ўчастак прыйшлі двое мужчын.
«У аднаго з іх пры сабе не аказалася пашпарта, і сябры камісіі адмовіліся выдаць яму бюлетэнь, - распавядае назіральнік. - Мужчына быў злёгку выпіўшы і адкрытым тэкстам заявіў: «Нас з працы на гадзіну раней адпусцілі, сказалі, што сёння ўсім прагаласаваць трэба, інакш звольняць». Яго калега адразу ж зашыкаў на яго: “Маўчы!”. Мужчына сказаў, што працуе ў ПМК».
У першы дзень датэрміновага галасавання на гэтым участку прагаласавалі 46 чалавек, у другі - 106.
Да абеду на ўчастак прыязджала кандыдат ад улады Інэса Кляшчук і з ёй яшчэ некалькі чалавек, паведаміў Анатоль Богуш, давераная асоба кандыдата ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Анатоля Юрэвіча. «У першай палове дня я назіраў на ўчастку і бачыў, як Кляшчук гутарыла са старшынёй участковай камісіі Юрыем Бандарэнка. Пра што яны казалі, я не чуў», - заявіў Анатоль Богуш.
Ён адзначыў, што 19 верасня да абеду галасавалі 12 вайскоўцаў у форме, 10 настаўнікаў і 3 міліцыянта.
«Праваабаронцы за свабодныя выбары»
Каментароў пакуль няма