Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Слуцк: На сустрэчу з Інэсай Кляшчук прыйшоў адзін чалавек

Выбаршчыкі не праяўлялі цікавасці да сустрэч з кандыдатамі. Паводле ацэнкі назіральнікаў і кандыдатаў, самая шматлікая сустрэча адбылася ў Слуцкім гарадскім доме культуры 18 верасня. На ёй сабралася каля 50 чалавек. Гэта была другая і апошняя сустрэча, у якой прынялі ўдзел тры прэтэндэнты на мандат па Слуцкай выбарчай акрузе № 67.

У зале прысутнічалі былыя супрацоўнікі КДБ, чыноўнікі, пенсіянеры. Маладых людзей было няшмат.

«На вёсцы акрамя старшыняў сельсаветаў, сакратароў і іх бібліятэкараў я нікога не бачыў, - адзначае кандыдат ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Анатоль Юрэвіч. - Сам бачыў, як аб'явы аб сустрэчы вывешвалі перад маім прыездам».

Аб нізкай актыўнасці выбаршчыкаў кажа і іншы кандыдат Аляксандр Шыловіч.

«Людзей на сустрэчах можна было на пальцах пералічыць», - заявіў ён.

У моладзевым цэнтры кандыдату ад улады Інэсе Кляшчук давялося размаўляць з мамамі, якія чакалі сваіх дзяцей пасля заняткаў у студыях. Толькі адзін жыхар Слуцка прыйшоў спецыяльна, каб задаць пытанне кандыдату, распавёў назіральнік БХК Віталь Амяльковіч.

Каля двух дзесяткаў чалавек прысутнічалі на сустрэчы з трыма кандыдатамі ў ДК моладзі. Радавых выбаршчыкаў сярод іх былі адзінкі. Асноўная аўдыторыя - работнікі райвыканкама і дзяржпрадпрыемстваў, сябры акруговай выбарчай камісіі, а таксама давераныя асобы Інэсы Кляшчук - галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Уладзімір Наўрась і прадпрымальнік, дэпутат раённага савета Уладзімір Гуркін.

Работнікі дзяржпрадпрыемстваў і арганізацый і чыноўнікі пытанняў кандыдатам не задавалі.

«Праваабаронцы за свабодныя выбары»

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма