Прымус да датэрміновага галасавання ў Салігорску
Незалежныя назіральнікі на ўчастках Салігорскіх гарадской і сельскай выбарчых акругаў фіксуюць шматлікія факты прымусу да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні ды іншыя парушэнні выбарчага заканадаўства.
Як высвятляецца, сітуацыя часам даходзіць да абсурду. Распавядае назіральнік ад Беларускага Хельсінскага камітэту па салігорскіх сельскіх участках №76 і 77 Уладзімір Шыла:
- Адна жанчына пасля галасавання папрасіла ў камісіі даведку з пячаткай аб тым, што яна прыняла ўдзел у датэрміновым галасаванні, каб паказаць кіраўніцтву на працы. У іншай жанчыны не было пашпарту, толькі нейкая паперка з працы. Камісія, відаць з-за маёй прысутнасці, не дазволіла ёй прагаласаваць па гэтай паперцы. Жанчына ледзь не расплакалася. Не ведала, як апраўдацца перад начальнікам за тое, што не прагласавала. Увогуле, многія прыходзяць і кажуць, што выбары гэтыя іх наогул не цікавяць, але начальства гоніць “у шыю”.
Аб прымусе да датэрміновага галасавання паведамілі праваабаронцу Леаніду Мархотка работнікі трэцяга рудаўпраўлення ААТ “Беларуськалій”.
- Уласна, факты прымусу да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні ніхто нават хавае. Народ масава гоняць на ўчасткі. Супрацоўнікаў прадпрыемстваў дзеля гэтага нават адпускаюць на некалькі гадзінаў раней з працы, - кажа спадар Мархотка.
У той самы час выбаршычкі незадаволены неверагона малой колькасцю інфармацыі пра кандыдатаў. Пра гэта паведамляе назіральнік з салігорскага гарадскога ўчастка №7 Мікалай Шаравар:
- Прыходзілі галасаваць пенсіянеркі. Скардзіліся на поўную адсутнасць інфармацыі аб кандыдатах. Не бачылі ні праграм кандыдатаў, ні перадвыбарчых улётак. Нячога не чулі пра сустрэчы кандыдатаў з выбаршчыкамі. Таму не ведалі, за каго галасаваць.
Адзначае Мікалай Шаравар і кепскую арганізацыю выбарчага працэсу на ўчастках:
- У адным памяшканні знаходзяцца адразу два ўчасткі для галасавання - 7-ы і 8-ы. Некаторыя выбаршчыкі наўпрост блытаюцца і кідаюць бюлетэні ў скрыні іншага ўчастка. Таксама ў камісіі на стале ляжалі агітацыйныя матэрыялы за праўладнага кандыдата Абаленскага, што з’яўляецца грубы парушэннем выбарчага закандаўства.
Да таго ж за першыя два дні датэрміновага галсавання незалежныя назіральнікі зафіксавалі на салігорскім гарадскім участку №8 прыпіскі прагаласаваўшых у 20 і 30 чалавека адпаведна.
Зрэшты здараюцца і амаль анекдатычныя сітуацыі. Назіральнік ад БХК па салігорскім гарадскім участку №6 Андрусь Тычына кажа пра спробу адной бабулі прагаласаваць за ўсю сваю сям’ю:
- Жанчына прынесла адразу некалькі пашпратоў. Выбарчая камісія, увесь час паглядаючы на мяне, не дазваляла бабулі галасаваць за ўсіх. Старая пачала шчыра абурацца і задавацца рытарычным пытаннем: чаму на прэзідэнцкіх выбарах два гады таму назад было можна, а цяпер нельга?
Па інфармацыі праваабаронцы Леаніда Мархоткі, пакуль паміж незалежнымі назіральнікамі і членамі ўчастковых камісіяў нейкіх сур’ёзных канфліктаў не адзначалася, і валанцёры БХК працягваюць сваю працу.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма