Гародня: падвышаная актыўнасць выбаршчыкаў
У Гародні адзначана неверагодна падвышаная актыўнасць грамадзянаў падчас датэрміновага галасавання. На ўчастках, дзе няма незалежных назіральнікаў, лічбы прагаласаваўшых увогуле “зашкалілі”. Так, на ўчастку №22 Гарадзенскай-Занёманскай выбарчай акругі паводле афіцыйных дадзеных камісіі 18 верасня прагаласавала 86 выбаршчыкаў, а 19-га верасня яшчэ больш – ажно 113 (!). Участак гэты месціцца ў сярэдняй школе №31, а старшынёй камісіі з’яўляецца дырэктар школы Анатоль Кавалёў, які на прэзідэнцкіх выбарах 2010 году адзначыўся тым, што на вачах міжнародных і нацыянальных назіральнікаў у асноўны дзень галасавання мяняў пратакол з лічбай датэрміновага галасавання.
Надзвычай актыўна галасавалі ўчора і на ўчастку №19 Гарадзенскай-Цэнтральнай выбарчай акругі, што размешчана ў будынку дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэту. Сюды ішлі людзі з двух інтэрнатаў, якія галасуюць на дадзеным участку. У выніку камісія вывесіла лічбу прагаласаваўшых за 19 верасня – 115 чалавек. Незалежныя ж назіральнікі налічылі ў гэты дзень толькі 70 прагаласаваўшых. Магчыма, участковая камісія ў пратаколе вывела суму прагаласаваўшых за два дні. Так, прыкладам, здарылася на ўчастку №25 Гарадзенскай-Занёманскай акругі. Старшыня гэтай участковай камісіі, дырэктар школы №34, Яўген Карпук павесіў пратакол на дзверы участка, што прагаласаваў 51 выбаршчык. Гэта сума за два дні, бо 18-га верасня тут прагаласавала 22 чалавекі, а 19 верасня – 29. Дадзены факт зафіксаваў незалежны назіральнік ад БХК Раман Юргель.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма