Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Салігорск: назіральнікі прапануюць зрабіць падлік галасоў празрыстым

Незалежныя назіральнікі па Салігорскіх гарадской і сельскай выбарчых акругах звярнуліся ва ўчастковыя камісіі з прапановай зрабіць працэдуру падліку галасоў празрыстай для ўсіх членаў выбаркамаў, а таксама для прысутных назіральнікаў.

Досвед назірання на папярэдніх выбарах паказвае, што падвядзенне вынікаў выбараў і падлік бюлетэняў рабіліся наступным спосабам: кожнаму члену камісіі давалася пэўная частка бюлетэняў для падліку, па выніках якога ў пісьмовай форме або шэптам кожным сябрам камісіі вынік даводзіўся да ведама старшыні камісіі. Пры такім спосабе кожны член камісіі ведаў толькі устаноўленыя ім самім лічбы, але ён не мог быць упэўненым у дакладнасці вынікаў падліку галасоў у цэлым па выбарчым участку.

Прадстаўнік Беларускага Хельсінскага Камітэту ў Салігорску Леанід Мархотка мяркуе, што для належнай рэалізацыі часткі 3 артыкула 55 Выбарчага Кодэксу, паводле якой падлік галасоў павінен праводзіцца непасрэдна членамі ўчастковай камісіі без перапынку да атрымання вынікаў галасавання, неабходна ўдасканаліць працэдуру падліку галасоў. На думку праваабаронцы, мусіць быць абраны такі спосаб, які дазваляе кожнаму члену ўчастковай камісіі ўдзельнічаць у адзіным падліку бюлетэняў, непасрэдна аглядаць кожны бюлетэнь і наяўную ў ім адзнаку выбаршчыкаў.

- Такая працэдура дазволіць забяспечыць належны ўзровень празрыстасці падліку галасоў як для членаў камісіі, так і для прысутных назіральнікаў, што адпавядае выбарчаму заканадаўству, - лічыць Леанід Мархотка.

У сувязі з гэтым салігорскія незалежныя назіральнікі  накіравалі старшыням участковых камісіяў звароты з прапановай выкарыстоўваць наступны спосаб падліку галасоў: пасля сартавання бюлетэняў адзін з членаў участковай выбарчай камісіі па ўказанні старшыні камісіі робіць публічны падлік галасоў такім чынам, каб члены камісіі і назіральнікі мелі магчымасць бачыць адзнаку выбаршчыка ў бюлетэні.

Ініцыятыву назіральнікаў падтрымала прадстаўніца Цэнтральнай выбарчай камісіі, якая ў гэты дзень наведвала ўчасткі салігорскіх выбарчых акругаў.

- Супрацоўніца ЦВК цікавілася ці ёсць у назіральнікаў нейкія праблемы, - распавядае назіральнік па салігорскіх сельскіх выбарчых участках №77 і 78 Уладзімір Шыла. - Я зрабіў ёй прапанову адносна празрыстасці працэдуры падліку галасоў. Мне было паведамлена, што на заканадаўчым узроўні гэта не прапісана і таму лепш наўпрост зрвянуцца да ўчастковай камісіі з гэткай прапановай. Я так і паступіў, накіраваў зварот старшыні ўчастковай камісіі.

Зрэшты, старшыня ўчастковай выбарчай камісіі не надзелены паўнамоцтвамі самастойна вызначаць спосаб падліку бюлетэняў, таму дадзеныя заявы назіральнікаў мусяць быць разгледжаныя калегіяльна на адпаведных пасяджэннях ўчастковых камісій.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма