Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Мінск: трох назіральнікаў ад партыі "Зялёныя" хочуць пазбавіць акрэдытацыі

Трох назіральнікаў ад партыі "Зялёныя", якія працуюць на участках № 383, 384 і 385 сталічнай Заходняй выбарчай акругі № 102, хочуць пазбавіць акрэдытацыі.

Як распавёў прадстаўнік партыі Аляксандр Лагуцёнак, тры ўчасткі знаходзяцца ў адным памяшканні - гімназіі № 20 - і працуюць разам. Адну назіральніцу, па словах Лагуцёнка, хочуць пазбавіць акрэдытацыі за вялікую колькасць пытанняў і скаргаў, яшчэ аднаго назіральніка - за занадта гучныя размовы па тэлефоне, што нібыта замінаюць працы камісіі, а трэцяга - «за кампанію», адзначыў каардынатар.

Раней старшыня камісіі 383 участка хацеў адправіць гэтых назіральнікаў у Адміністрацыю Фрунзенскага раёна, сказаўшы, што іх нібыта выклікае кіраўніцтва. Аказалася, што ў адміністрацыі ў гэты дзень праходзіла навучанне праўладных назіральнікаў, але начальнік ідэалагічнага аддзела не пусціў назіральнікаў ад «Зялёных» на гэты семінар, сказаўшы, што ён іх не запрашаў і наогул тут праходзіць сход супрацоўнікаў ЖРЭА.

Па словах Лагуцёнка, за час назірання прадстаўнікі «Зялёных» зафіксавалі на сваіх участках масу парушэнняў. Цяпер назіральнікі 383-га, 384-га і 385-га участкаў збіраюцца пісаць калектыўную скаргу на тое, што ў абедзенны час выбарчая урна знаходзіцца ў незачыненам памяшканні, дзе прысутнічаюць староннія людзі «з дзяржструктур», распавёў каардынатар.

Назіральнікі таксама прасілі камісіі дазволіць ім прысутнічаць у памяшканні, дзе захоўваюцца скрыні, пасля закрыцця ўчастка, але ўсім было адмоўлена. На ўчастку № 393, напрыклад, камісія прапанавала назіральніцы сачыць за захаванасцю скрыні з вуліцы, адзначыў прадстаўнік партыі.

Паводле яго слоў, на ўчастку № 378 у першы дзень галасавання скрыню пасля закрыцця паставілі ў прахадным пакоі, але пасля заўвагі назіральніка, дзверы ў гэты пакой былі апячатаныя, аднак міліцыянт, які ахоўваў скрыню, знаходзіўся непасрэдна ў пакоі, адзначыў Лагуцёнак.

На ўчастку № 397, паводле яго слоў, у час абедзеннага перапынку, акрамя міліцыянта, які і сам не меў права заставацца ў памяшканні з урнай, знаходзіўся звычайны чалавек.

На участках № 380, 381 і 382 скрыні зусім не апячатваюцца, а заляпляюцца скотчам, распавёў каардынатар партыі.

Акрамя таго, назіральнікі заўважылі, што на ўчастку № 384 з дна скрыні тырчыць ліст паперы, што кажа аб тым, што дно замацавана няшчыльна. Пасля заўвагі назіральнікаў члены камісіі выправілі гэтую памылку, але на наступны дзень сітуацыя паўтарылася, адзначыў Лагуцёнак.

Участкі № 383, 384 і 385, паводле яго слоў, з'яўляюцца самымі праблемнымі ў акрузе і назіральнікі часта ўступаюць у канфлікт з членамі камісій. Прычым незадаволенасць працай назіральніка 384-й камісіі часам выказваюць прадстаўнікі камісіі 385-га ўчастка, хоць у зваротным парадку сістэма не працуе.

Так, на ўчастку № 379 выбаршчыцы выдалі ўжо запоўнены бюлетэнь, аднак гэты факт заўважыў назіральнік з суседняга 378-га ўчастка, але пасля яго заўвагі сябрам камісіі назіральніка папрасілі не лезці на чужы ўчастак.

Лагуцёнак таксама адзначыў, што назіральнікі акругі часта сутыкаюцца з завышэннем яўкі з боку сябраў камісіі, якое, па яго словах, было зафіксавана на участках № 380, 382, ​​383, 384 і 385. Напрыклад, на 385-м участку ў першы дзень датэрміновага галасавання, па падліках назіральнікаў, прагаласавала 6 чалавек, а па дадзеных камісіі - 86.

На ўчастку № 381, дзе знаходзіцца адзін са студэнцкіх інтэрнатаў, назіральнікам стала вядома, што ўзамен на ўдзел у датэрміновым галасаваньні студэнтам абяцаюць выходны ў панядзелак.

«Праваабаронцы за свабодныя выбары»

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма