Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

АГП, БХД і «Беларускі рух» ацанілі парламенцкую кампанію як горшую за ўсю гісторыю Беларусі

Аб'яднаная грамадзянская партыя, «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» і «Беларускі рух» ацанілі парламенцкую выбарчую кампанію 2012 як горшую ў гісторыі Беларусі. Як адзначыў на прэс-канферэнцыі 21 верасня лідэр АГП Анатоль Лябедзька, ні адна з папярэдніх парламенцкіх кампаній у Беларусі не адпавядала стандартам АБСЕ, але цяперашняя кампанія, на яго думку, з'яўляецца самай горшай.

Сваё сцвярджэнне Лябедзька аргументаваў тым, што ў час папярэдніх парламенцкіх кампаній «не было такога размаху палітычнай цэнзуры»: «Ніколі не было выпадкаў, каб кандыдат у дэпутаты, маючы ўсяго пяць хвілін запісанага выступу на дзяржаўным тэлебачанні і радыё, не выйшаў у эфір. Сёння 34 выступы кандыдатаў ад АГП не выйшлі ў эфір - гэта абуральнае парушэнне і Канстытуцыі, і Выбарчага кодэкса».

Акрамя таго, Лябедзька адзначыў, што прадстаўнікі палітычных партый раней ніколі арганізавана не здымаліся з парламенцкіх выбараў, «канстатуючы грубыя парушэнні іх правоў, наяўнасць палітычнай цэнзуры, палітвязняў, неўключэнне ў камісіі».

Ён таксама заўважыў, што за папярэднія чатыры гады 110 дэпутатаў дзеючага парламента ініцыявалі ўсяго тры законапраекты. «А іх сотні. Значыць, усе астатнія законапраекты прапанавала выканаўчая ўлада, а яны праштампавалі», - упэўнены Лябедзька.

Сярод іншых негатыўных момантаў цяперашняй парламенцкай кампаніі, лідэр АГП назваў наяўнасць вялікай колькасці палітвязняў і адвольныя арышты лідэраў моладзевых арганізацый, якіх «саджаюць у турму толькі за тое, што яны фізічна існуюць».

Лідэр БХД Віталь Рымашэўскі таксама адзначыў, што ў цяперашнюю кампанію адбываюцца арышты актывістаў кампаніі байкоту, а некаторыя арганізацыі пазбаўленыя магчымасці ўдзельнічаць у выбарах.

«Грамадзяне Рэспублікі Беларусь - гэта такі ж паўнавартасны суб'ект, які мае права ўдзельнічаць у выбарчым працэсе, як і адабраныя уладай кандыдаты. Мы лічым, што ізаляцыя галоўных апанентаў рэжыму ў выбарчым працэсе з'яўляецца падставай, каб прызнаць гэтыя выбары незаконнымі і недэмакратычнымі», - сказаў Рымашэўскі.

Лідэры партый заклікалі грамадзян не хадзіць на выбары і «не ўдзельнічаць у падмане».
Лідэр АГП таксама паведаміў, што прадстаўнікі палітычных партый Беларусі вядуць кругласутачнае назіранне на тысячы ўчасткаў і лічаць кожнага чалавека, які прыйшоў на галасаванне. Вынікі кампаніі байкоту, па словах Лябедзькі, стануць вядомыя пасля выбараў і будуць грунтавацца на дадзеных назіральнікаў.

«Мы будзем арыентавацца не на выбарчы боршч Лідзіі Ярмошынай і яе ЦВК, а на незалежнае назіранне, якое цяпер вядзецца і заўтра-паслязаўтра дасць канкрэтныя лічбы», - заявіў Лябедзька.

«Праваабаронцы за свабодныя выбары»

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма