Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Дзейны дэпутат парламента заклікае галасаваць за Вадзіма Дзевятоўскага

Наваполацкая "Новая газета" надрукавала справаздачу дзейнага сябра Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу РБ, сябра Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі Валерыя Рабца. Спадар Рабец расказвае пра сваю парламенцкую дзейнасць  і заклікае навапалачан галасаваць за кандыдата Вадзіма Дзевятоўскага, бо ён  "гатовы годна стаяць на абароне інтарэсаў горада і яго жыхароў".

Прозвішча Дзевятоўскага дэпутат Валеры Рабец не называе, але зусім не цяжка здагадацца, асоба якога рэкамендаванага кандыдата  падыходзіць пад апісанне "навапалачанін, вядомы і праслаўлены зямляк". У Наваполацку нарадзіўся толькі адзін з трох кандыдатаў, якія балатуюцца па Наваполацкай выбарчай акрузе №25, - кіраўнік гарадской арганізацыі ГА "Белая Русь", дэпутат Наваполацкага гарсавету, вядомы спартовец-легкаатлет Вадзім Дзевятоўскі. Адзін з яго супернікаў, актывіст кампаніі "Гавары праўду" Яраслаў Берніковіч – з Глыбокага, сябар ЛДП Фёдар Пуцілаў – з Віцебску.

Паводле дзейнага дэпутата парламенту Валерыя Рабца, "работа ў парламенце краіны дае ўсведамленне важнасці і найвышэйшай адказнасці  гэтай дзейнасці", і "прафесіяналізм і эфектыўнасць дзеянасці Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь наўпрост залежыць ад выбара, як трэба будзе зрабіць 23 верасня". Спадар Рабец выказвае меркаванне, што "жыхары Наваполацку валодаюць дастаткова высокім інтэлектальным патэнцыялам, цвёрдай грамадзянскай пазіцыяй і свядомасцю", а таму "прымуць актыўны ўдзел у галасаванні і зробяць правільны выбар". Такім чынам, рэкамендацыі, за каго трэба галасаваць, дадзеныя. І хто пажаданы пераемнік парламенцкага крэсла для дзейнага дэпутата – таксама відавочна.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма