Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Светлагорск: Праграма аднаго з кандыдатаў апублікавана двойчы

  • Старшыня Светлагорскага райсавета Галіна Філіповіч
    Старшыня Светлагорскага райсавета Галіна Філіповіч

Кандыдат у дэпутаты па Светлагорскай выбарчай акрузе Сяргей Дайнека накіраваў 21 верасня заяву ў Светлагорскую раённую пракуратуру і Цэнтральную выбарчую камісію. Ён просіць праверыць правамернасць паўторнай публікацыі ў газеце “Светлагорскія навіны” перадвыбарчай праграмы іншага кандыдата – Галіны Філіповіч. Праграмы астатніх кандыдатаў газета надрукавала адзін раз, а Г. Філіповіч – двойчы.

20 верасня дзяржаўная газета “Светлагорскія навіны” ў другі раз апублікавала праграму кандыдата Г. Філіповіч. На меркаванне С. Дайнекі, гэта стварае няроўныя ўмовы ў перадвыбарчай агітацыі для кандыдатаў. Галоўны рэдактар газеты – Кохна Уладзімір Патапавіч.

У Светлагорскай выбарчай акрузе 3 кандыдаты. Выбарчае заканадаўства прадугледжвае, што акрамя абавязковай публікацыі перадвыбарчых праграм, якую газета адзін раз павінна зрабіць бясплатна, кандыдаты могуць публікаваць агітацыйныя матэрыялы за плату са свайго выбарчага фонду. Аднак у гэтым самым выпуску газеты ёсць паведамленне акруговай выбарчай камісіі, што сродкі з выбарчага рахунку Г. Філіповіч не расходваліся.

Гэта ўжо другая заява С. Дайнекі ў пракуратуру і ЦВК. У першай, якая таксама накіравана 21 верасня, ён просіць праверыць правамернасць выдалення з выбарчых участкаў назіральнікаў ад партыі “Справядлівы свет”.

Кандыдат Г. Філіповіч – старшыня раённага Савета. У сваёй біяграфіі піша, што пачынала кіруючую працу ў раёне з пасады дырэктара школы (настаўнікі кажуць, што насамрэч замяняла дырэктара ў вясковай школе на час дэкрэтнага адпачынку). Адтуль патрапіла ў раённы аддзел адукацыі, а калі А. Лукашэнка абвясціў пра “жаночую квоту ва ўладзе”, стала старшынёй райсавета. Асноўнае прадпрыемства Светлагорска – вытворчае аб’яднанне “Хімвалакно”, дзе значную частку работнікаў складаюць жанчыны. Таму з савецкіх часоў для Светлагорска існуе “жаночая разнарадка” на дэпутацкую пасаду – яна была парушана толькі ў дэмакратычным пачатку 1990-х гг., калі дэпутатам парламента абраўся тагачасны старшыня гарвыканкама А. Якабсон.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма