Гомельшчына: узоры бюлетэняў агітуюць за праўладных кандыдатаў
Ва ўзорах бюлетэняў для галасавання, вывешаных на выбарчых участках у Рэчыцы, адзнака “за” стаіць у першым пункце, а ў Светлагорску – у другім. У рэальных бюлетэнях менавіта ў гэтых пунктах адпаведна ў абодвух раёнах указаны прозвішчы “кандыдатаў ад улады”. Супадзенне?
Так, ва ўзоры бюлетэня з участкаў для галасавання Рэчыцкай выбарчай акругі (на здымку) прозвішчы кандыдатаў выдуманыя, але пазнака “за” прастаўлена ў першым пункце - у першым пункце рэальных бюлетэняў фігуруе “кандыдат ад улады”, дырэктар рэчыцкага метызнага заводу Адам Вашкоў. Гэты ўзор змясціла і дзяржаўная газета рэчыцкага раёна “Дняпровец”. А ў суседняй Светлагорскай выбарчай акрузе ў рэальных бюлетэнях прозвішча “кандыдата ад улады”, старшыні Светлагорскага райсавета Галіны Філіповіч стаіць у другім пункце - пазнака “за” ва ўзорах бюлетэняў на гэтай акрузе таксама стаіць у другім пункце.
Атрымліваецца, што, заходзячы ў кабіну для галасавання, выбаршчыкі бачаць перад сабой узор такога бюлетэня – і для людзей, якія не вельмі разбіраюцца ў кандыдатах, гэта становіцца сігналам аб тым, куды ставіць “за”.
На меркаванне мясцовых дэмакратычных назіральнікаў, для таго, каб пазбегнуць скрытай агітацыі, ва ўзорах бюлетэняў павінны быць чатыры ці болей прозвішчаў, і “за” павінна стаяць у пункце, якога ў рэальных бюлетэнях няма.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма