Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Жлобін: назіральніцу ад “Справядлівага свету” выдалілі з участку

Ілону Ткачову, давераную асобу кандыдата ў дэпутаты па Жлобінскай выбарчай акрузе №40 Валерыя Рыбчанкі, выдалілі з памяшкання для галасавання выбарчага ўчастка №15, дзе яна з’яўляецца назіральнікам ад партыі “Справядлівы свет”.

– Факты парушэнняў на маім участку мелі месца амаль кожны дзень, – распавяла Ілона. – Напрыклад, учора на участак прыйшла жанчына, якой было выдадзены адразу два бюлетэні.  Я зрабіла заўвагу старшыні камісіі, але тая патлумачыла, што ў яе ёсць права галасаваць за іншага чалавека па рашэнні суда.

Такая ж сітуацыя здарылася і з іншым выбаршчыкам: сябры камісіі выдалі пенсіянеру два бюлетэні. Калі назіральніца падыйшла да мужчыны, мужчына ніяк не мог здолець закінуць паперкі ў сярэдзіну скрыні, бо лісты былі згорнутыя ў чатыры столкі. Назіральніца запытала, колькі бюлетэняў трымае ў руцэ выбаршчык, і той, аддаўшы ёй лісты, паказаў, што іх было два.

– У першым і другім бюлетэнях былі пастаўлены крыжыкі за першага па спісе кандыдата - Леаніда Апанасюка, дзейнага старшыню райвыканкама.

Назіральнікі з участка звярнуліся са скаргамі аб парушэнні артыкула 52 Выбарчага кодэксу ў раённую пракуратуру, акруговую камісію і Цэнтрвыбаркам.

Старшыня ўчастковай камісіі Святлана Кішкевіч правяла паседжанне, на якім было вырашана выдаліць Ілону Ткачову з участка для галасавання.

– Мяне абвінавацілі ў парушэнні 13 артыкула Выбарчага кодэкса – нібыта я перашкаджаю галасаваць выбаршчыкам, хоць насамрэч парушэнне адбылося з боку сябраў камісіі, якія выдалі два бюлетэні на аднаго чалавека.

Зараз Ілона Ткачова знаходзіцца на ўчастку ўжо як давераная асоба кандыдата ад партыі “Справядлівы свет”. Тым не менш, сакратар акруговай камісіі Валянціна Няхай папярэдзіла жанчыну, каб тая нават не думала блізка падыходзіць да скрыняў для галасавання.

– Адказ з акруговай камісіі нібыта ўжо падрыхтавалі, – кажа Ілона. – Тая ж Няхай пааабяцала хутка даслаць нам адказ па нашай скарзе. Будзем чакаць адказу з раённай пракуратуры.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма