Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Лунінец: чыняць перашкоды для агітацыі за незалежнага кандыдата

У апошнія дні агітацыйнай кампаніі мясцовыя ўлады і кіраўніцтва некаторых прадпрыемстваў перашкодзілі кандыдату ў дэпутаты па Лунінецкай выбарчай акрузе №13 Віталю Каратышу ў правядзенні сустрэчаў у працоўных калектывах. Акрамя таго, на тэрыторыі акругі знішчаюцца плакаты незалежнага кандыдата.

Так, пасля адмовы Віталю Каратышу ў сустрэчы з рабочымі лунінецкага прадпрыемства “Палессеэлектрамаш”, аналагічным чынам паводзіла сябе і кіраўніцтва аб’яднання “Граніт” у Мікашэвічах. На тэрыторыю гэтага прадпрыемства Каратыш трапіў на службоым аўтобусе і спрабаваў падчас нефармальных гутарак з рабочымі распаўсюдзіць свае інфармацыйныя матэрыялы. Але пасля ўмяшальніцтва кіраўніцтва “Граніту” супрацоўнікі службы аховы прадпрыемства спынілі сустрэчу і загадалі кандыдату ў дэпутаты з’ехаць з тэрыторыі аб’яднання. Што тычыцца перадвыбарчых ўлётак Віталя Каратыша, дык яны проста знікаюць з інфармацыйных стэндаў, у той час як колькасць плакатаў ягонай адзінай суперніцы на выбарах – начальніка Лунінецкага раённага аддзела адукацыі Валянціны Верас – павялічваецца.

Між тым, назіральнікі, якія адсочваюць працэс датэрімновага галасавання ў Лунінецкай акрузе №13, фіксуюць парушэнні выбарчага заканадаўства. У прыватнасці, на участку №6, што размешчаны ў школе №2 раённага цэнтра, датэрміновае галасаванне адбываецца ў памяшканні настаўніцкай і там амаль заўсёды знаходзяцца людзі, якія не маюць дачынення да выбарчай камісіі. У выніку на гэтым участку  назіральнікі зафіксавалі выдачу 34 бюлетэняў, а згодна з пратаколам камісіі іх было выдадзена 57.

 

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма