У Мазыры не падтрымалі ідэю празрыстага падліку галасоў
Уладзімір Целяпун, назіральнік на ўчастку для галасавання №18 па Мазырскай выбарчай акрузе № 42 прапанаваў старшыні камісіі Дз.Ракаўчуку прыняць парадак празрыстага падліку галасоў: змест кожнага бюлетэня дэманструецца ўсім сябрам камісіі і назіральнікам, агалошваецца, за каго пададзены голас выбаршчыка. Для прыкладу назіральнік прывёў вопыт падвядзення вынікаў выбараў у суседняй Украіне.
Уладзімір Целяпун спадзяваўся, што яго заява будзе разгледжана калегіяльным органам – участковай выбарчай камісіяй. Аднак сваім вусным распараджэннем Дз. Ракаўчук загадаў разгледзець прапанову У. Целяпуна свайму намесніку І. Навіцкаму.
Адказ быў адназначным: участковая камісія будзе строга кіравацца пры падліку галасоў выбаршыкоў ч. 8 і 9 арт.55 Выбарчага кодэкса.
Трэба адзначыць, што кіраўніцтва выбарчай камісіі складаюць кіраўнікі аднаго прадпрыемства, ААТ “Беларускабель”.
- Кіраўнікі прадпрыемства не ўсведамлюць, як магчыма прымаць рашэнні, праводзіць абмеркаванне калегіяльна. Іншая справа – даў загад, правер выкананне, - каментуе Уладзімір.
З іншага боку, праваабаронца ў сваіх прапановах больш турбаваўся за інфармаванне сябраў участковай камісіі.
-Яны ж падпісваюць выніковы пратакол на ўчастку і павінны ведаць, адкуль узяліся прастаўленыя там лічбы, бо нясуць адказнасць за кожны свой подпіс. Аднак кіраўніцтва камісіі вырашыла за іх, што сябрам камісіі гэтая інфармацыя не патрэбная. Іх меркаванні пра празрысты і галосны падлік галасоў не павінны цікавіць шараговых членаў камісіі, - сказаў праваабаронца.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма