Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Мінск: у апошні дзень датэрміновага галасавання яўка знізілася ў 10 разоў

Назіральнікі адзначаюць рэзкае скарачэнне колькасці выбаршчыкаў на ўчастку №613 Каліноўскай выбарчай акругі №108 у апошні дзень датэрмінавага галасавання.

Паводле дадзеных праекту «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка», у пратаколе камісіі ад 21 верасня пазначана, што на ўчастак прыйшлі 270 выбаршчыкаў, а 22 верасня — толькі 25 чалавек. Такім чынам, яўка за адзін дзень знізілася ў 10 разоў.

Характэрна, што менавіта 22 верасня назіральнік праекту цэлы дзень прысутнічаў на ўчастку - і яго падлікі супалі з лічбамі камісіі ў гэты дзень.

За пяць дзён датэрміровага галасавання, паводле пратаколу камісіі, бюлетэні атрымалі 1280 выбаршчыкаў, то бок у сярэднім кожны дзень, акрамя 22 верасня, на ўчастку павінна было галасаваць больш за 300 чалавек.

Варта адзначыць, што агульная яўка выбаршчыкаў падчас датэрміновага галасавання на гэтым участку, паводле камісіі, склала амаль 47%.

На ўчастку №365 Фрунзенскай выбарчай акругі №101 у апошні дзень датэрміновага галасавання назіральнікі праекту налічылі на 11 выбаршчыкаў больш, чым камісія. Падобная сітуацыя, паводле дадзеных праекту, склалася і 21 верасня: па падліках назіральніка, на галасаванне прыйшлі 36 чалавек, па падліках камісіі — 21.

Назіральнікі звязваюць гэта са скаргай, складзенай па выніках назірання 20 верасня, калі было зафіксавана перавышэнне яўкі больш чым ў 5 разоў (у пратаколе былі пазначаны 115 прагаласаваўшых, а па падліках назіральніцы бюлетэні атрымаў 21 чалавек).

«Праваабаронцы за свабодныя выбары»

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма