Вынікі назірання за датэрміновым галасаваннем
Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў
Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання
Справаздача па выніках назірання за датэрміновым галасаваннем
22 верасня 2012 г.
200 кароткатэрміновых і 95 доўгатэрміновых назіральнікаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» вялі штодзённае назіранне за ходам датэрміновага галасавання на 150 выбарчых участках на ўсёй тэрыторыі Беларусі.
Справаздачы з выбарчых участкаў штодзённа апрацоўваліся, з’яўляліся рэпрэзентатыўнымі (назіраннем было ахоплена 2,3 % ад 6 349 выбарчых участкаў на тэрыторыі краіны) і дазваляюць ацаніць агульныя тэндэнцыі датэрміновага галасавання[1].
Датэрміновае галасаванне характарызавалася масавым выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу для забеспячэння яўкі выбаршчыкаў на ўчасткі для галасавання. Фіксаваліся шматлікія выпадкі ўдакладнення сябрамі УВК і прадстаўнікамі дзяржаўных прадпрыемстваў і навучальных устаноў спісаў прагаласваўшых і не прагаласаваўшых, што відавочна сведчыць пра кантроль за сітуацыяй.
Па падліках назіральнікаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» у першыя дні датэрміновага галасавання колькасць выбаршчыкаў, якія прагаласавалі датэрмінова, нязначна адрознівалася ад той, якую аб’яўлялі УВК, аднак у апошні дзень датэрміновага галасавання розніца склала ўжо 6146 чалавек. Таксама ў канцы датэрміновага галасавання павялічылася і колькасць выбарчых участкаў, на якіх фіксавалася адрозненне афіцыйных дадзеных і дадзеных незалежнага назірання, – з 30,7% да 39,5%.
Выяўленыя парушэнні
Праца УВК не па афіцыйным раскладзе адзначана ў сярэднім на 4,5% выбарчых участкаў. Назіральнікам кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» дазвалялі прысутнічаць ў пакоі для галасавання толькі ў афіцыйныя часы працы УВК, пры гэтым адзначаны шматлікія факты знаходжання сяброў камісіі ў зачыненым пакоі для галасавання па-за раскладам. Гэта тлумачылася як «працоўны момант УВК», «падрыхтоўка пакоя да галасавання» ды інш. Таксама былі выпадкі неапячатвання памяшканняў для галасавання падчас перапынкаў і спынення працы УВК на ноч.
Умяшальніцтва пабочных асобаў у працу УВК адзначана у сярэднім на 20,9 % выбарчых участкаў. У асноўным такімі пабочнымі асобамі з’яўляліся прадстаўнікі мясцовых выканаўчых органаў улады, прадстаўнікі адміністрацый арганізацый і ўстаноў. Фіксаваліся шматлікія выпадкі ўдакладнення сябрамі УВК і прадстаўнікамі дзяржаўных прадпрыемстваў і навучальных устаноў спісаў прагаласваўшых і не прагаласаваўшых, што відавочна сведчыць пра кантроль за сітуацыяй. УВК рэгулярна прадастаўлялі кіраўніцтву адпаведных устаноў ці адміністрацый інфармацыю аб колькасці тых, хто ўзяў ўдзел у датэрміновым галасаванні.
Прымус да ўдзелу ў галасаванні на ўчастку зафіксаваны ў сярэднім на 16,8% выбарчых участкаў. У асноўнымі датэрмінова галасавалі іншагароднія студэнты, жыхары інтэрнатаў, ваеннаслужачыя, супрацоўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў, грамадзяне, асуджаныя да абмежавання волі, ды інш. Прыкметамі адміністрацыйнага прымусу да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні былі: просьба выбаршыкаў да сяброў УВК выдаць даведку аб удзеле ў галасаванні, арганізаваны прывод ці прывоз выбаршчыкаў на ўчастак для галасавання, інфармаванне сябрамі УВК прадстаўнікоў адміністрацыі аб удзеле ў датэрміновым галасаванні ды інш.
Невывешванне пратаколаў аб выніках штодзённага галасавання ў сярэднім мела месца на 1% выбарчых участкаў. Назіральнікі ўказвалі сябрам УВК на неабходнасць паведамлення штодзённых вынікаў датэрміновага галасавання.
Перашкоды назіральнікам кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» пры падліку імі колькасці выбаршчыкаў, прыняўшых удзел у датэрміновым галасаванні, рабіліся на 3,4% выбарчых участкаў. Былі шматлікія адмовы ў прадстаўленні дадзеных аб колькасці выбаршчыкаў, зарэгістраваных на ўчастках, што прыводзіла да немагчымасці падлічыць адсотак прагаласаваўшых за дзень ад агульнай колькасці выбаршчыкаў.
У асобных выпадках назіральнікі фіксавалі значнае разыходжанне ў лічбах прагаласаваўшых на працягу дня з тымі дадзеннымі, якія абвяшчаліся ў канцы дня сябрамі УВК. Напрыклад, у Гомельскай-Савецкай выбарчай акрузе № 34 на ўчастках № 1, 2, 18 і 23 амаль увесь час назірання адзначалася разыходжанне лічбаў у 2-3 разы.
Колькасць выбаршчыкаў, якія прагаласавалі датэрмінова
Дадзеныя УВК 78763
Падлікі назіральнікаў 70564
Розніца -8199 (10,4%)
Выяўленыя парушэнні
Каментароў пакуль няма