Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Гомель: пасажыраў грамадскага транспарту запрашаюць на выбары праз кожны прыпынак

У Гомелі агітацыя з заклікам ісці на выбары арганізавана і праз грамадскі транспарт. 23 верасня пасажыры гарадскога аўтобуса №34 увесь час паездкі вымушаны слухаць заклікі «прыйсці на выбары і выканаць свой грамадзянскі абавязак». Прычым рэклама выбараў гучыць праз кожны прыпынак.

На ўчастках у 17-м мікрараёне Гомеля праводзіць акцыю адзін з аператараў сотавай сувязі: жадаючым раздаюць «бясплатна» тэлефоны па акцыі ў крэдыт - плаціш першыя тры месяцы толькі абаненцкую плату ў памеры 10 тысяч рублёў, а затым каля 20 тысяч рублёў у месяц. Назіральнікі адзначаюць, што акцыя прывабіла многіх выбаршчыкаў. На участках Юбілейнай акругі прапануецца паўдзельнічаць у акцыях касметычнай фірмы, набыць са зніжкай іх прадукцыю.

На ўчастках Цэнтральнай акругі выбарцам прапануюць піражкі па 950 рублёў і сметанковае масла, таннейшае на тысячу, чым у краме. Прадаўцы сцвярджаюць, што гарэлка і піва ў іх таксама без гандлёвай надбаўкі.

У выбарах на ўчастках, якія праходзяць у школах, арганізаваны канцэрты з удзелам дзяцей. У школе №27 дзіцячы канцэрт праходзіў на ганку школы, дарэчы, пры неспрыяльных умовах надвор'я – холад, дождж, моцны вецер. У школе таксама дзяжураць многія настаўнікі, якія стаяць на кожным вугле з бэйджам «дзяжурны настаўнік» і паказваюць выбарцам шлях на ўчастак ці ў буфет.
На Юбілейнай акрузе настаўнікі, якія не працуюць у камісіі, задзейнічаны ў «гульнявых пакоях»: яны забаўляюць дзяцей выбарцаў, пакуль тыя ці галасуюць, ці наведваюць буфет.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма