Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Жлобін: назіральніка абвінавацілі ва ўзломе сейфа

Кароткатэрміновага назіральніка ад партыі “Справялівы свет” Алега Кастусёва выдалілі з участка для галасавання №14 Жлобінскай выбарчай акругі, абвінаваціўшы ва ўмяшанні ў працу камісіі і ўзломе сейфа, у якім знаходзіліся бюлетэні з датэрміновага галасавання.

– Раніцай, калі ўчастак пачаў працу і прыйшлі першыя выбаршчыкі, я зрабіў заўвагу старшыні камісіі Ганне Жырко, бо скрыні з бюлетэнямі з датэрміновага галасавання знаходзіліся ў асобным памяшканні, а не на бачным месцы, – распавядае Алег Кастусёў. – Скрыні вынеслі, але я вырашыў запракаталіраваць сваю заўвагу пісьмова, бо быў парушаны артыкул 53 Выбарчага кодэксу. На маю прапанову Жырко пачала абурацца і крычаць, папярэдзіўшы, што на мяне будзе складзены акт. Я адказаў, што напішу ў такім выпадку скаргу.

Праз гадзіну старшыня камісіі зачытала Кастусёву рашэнне камісіі аб выдаленні яго з участка для галасавання за “неаднаразовыя парушэнні, у тым ліку за ўмяшанне ў працу сябраў камісіі і іншых назіральнікаў”.

- Мяне таксама абвінавацілі ў тым, што я пракраўся ў памяшканне, дзе знаходзяцца бюлетэні з датэрміновага галасавання, узламаў сейф і пачаў капацца ў паперах! Калі я папрасіў акт, на аснове якога мяне выдалілі з участка, Ганна Жырко адмовіла мне ў прадастаўленні дакумента.

Назіральнік звярнуўся са скаргамі ў раённую пракуратуру і акруговую камісію:

– З камісіі мне прыйшла адпіска, а вось з пракуратуры паабяцалі адказаць пісьмова, хоць адказ у асноўны дзень галасавання павінен быць неадкладным. У скарге я таксама напісаў пра некаторыя іншыя парушэнні на маім участку. У прыватнасці, сёння да маёй суседкі прыйшлі са скрыняй дадому, хоць яна прагаласавала яшчэ ў сераду, прыйшоўшы на ўчастак самастойна.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма