Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Жлобін: назіральнік зафіксаваў незаконнае пранікненне на ўчастак уначы (фота)

Назіральнікі ад партыі “Справядлівы свет” зафіксавалі начное пранікненне на выбарчы ўчастак для галасавання №29 у Жлобіне аднаго з супрацоўнікаў міліцыі. Пра гэта паведаміў кандыдат у дэпутаты па Жлобінскай выбарчай акрузе Валеры Рыбчанка.

–У 23.15 каля выбарчага ўчастка №29 у 16 мікрараёне быў заўважаны чалавек у цывільным, які зайшоў на ўчастак з боку, дзе знаходзіцца ўчастковая камісія, – рапавядае кандыдат. – У гэты момант на вуліцу выйшаў міліцыянер, які амаль гадзіну патруляваў вакол участка, каб ніхто не змог увайсці ў памяшканне. І толькі ў 0.16 на вуліцу выйшаў той самы чалавек у цывільным,  трымаючы ў руках вялікі стос папер, якія нагадвалі скручаныя бюлетэні.

Рыбчанка, які пазнаў у начным госці наглядна знаёмага міліцыянера Котава, запытаўся, што той рабіў на участку у такі позні час. Мужчына адказаў, што правяраў службу свайго падначаленага.

–Але падначалены ў гэты час знаходзіўся звонку будынка, таму пра якую праверку службы можа ісці рэч? Адначасова я папрасіў паказаць паперы, якія той трымаў у руцэ, але міліцыянт засмуціўся і хутка пайшоў у бок, так і не даўшы ніякіх тлумачэнняў, – кажа Рыбчанка. – Праўда, мы паспелі сфатаграфаваць гэтага чалавека, – кажа Рыбчанка.

На незаконнае пранікненне на выбарчы ўчастак назіральнікі падрыхтавалі скаргу ў раённую пракуратуру ды Цэнтрвыбаркам.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма