Светлагорск: настаўніца ўкідвала бюлетэні
У Светлагорску на выбарчым участку ў сярэдняй школе № 1 назіральнікі заўважылі ўкідванне бюлетэняў у скрыню для галасавання. Па словах назіральніка, бюлетэні ўкідвала настаўніца гэтай школы Марына Шарубіна, якая ўваходзіць ва ўчастковую выбарчую камісію. Пададзена адпаведная заява ў пракуратуру.
Гаворыць Леанід Болдуеў – назіральнік ва ўчастковай выбарчай камісіі Пралетарскага выбарчага ўчастка № 2, цэнтр якога знаходзіцца ў сярэдняй школе № 1 Светлагорска:
– Я ўбачыў, як адна жанчына з камісіі падыйшла да скрыні, быццам прагаласавала. Праз нейкі час гляджу, а тая самая жанчына зноў і зноў да скрыні падыходзіць. І ўкідвае не адзін бюлетэнь, а пяць ці шэсць. Я даведаўся, што гэта Марына Шарубіна, настаўніца гэтай школы, а як выбаршчыца на гэтым участку яна не зарэгістравана.
Пра гэта Л. Болдуеў паведаміў старшыні ўчастковай выбарчай камісіі.
– Тое, як Шарубіна ўкідвала бюлетэні, бачылі і іншыя назіральнікі, – гаворыць Леанід Болдуеў. – Я магу назваць іх па імёнах, думаю, яны і ў пракуратуры гэта гатовы паццвердзіць.
Шарубіна Марына Барысаўна (на здымку) працуе ў школе настаўніцай рускай мовы і літаратуры. У выбарчую камісію была вылучана “грамадзянамі шляхам падачы заявы”.
– У прыватных размовах, у кампаніі Марына Барысаўна выглядала як чалавек з дэмакратычнымі поглядамі, ніколі б не падумаў, што яна магла б пайсці на такое, – пракаментаваў настаўнік школы, які папрасіў не называць яго.
Л. Болдуеў адвёз адпаведную заяву ў Светлагорскую раённую пракуратуру.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма