Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Выніковая справаздача па назіранні за выбарамі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання

Выніковая справаздача


Скарачэнні

 АБСЕ – Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе

АВК – акруговая выбарчая камісія па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў

АГП – Аб’яднаная грамадзянская партыя

БНФ – Беларускі народны фронт

БСДП (Г) – Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада)

БПЛ – Беларуская партыя левых

ВК / Выбарчы кодэкс – Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь

Вярхоўны Суд – Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь

ГА – грамадскае аб’яднанне

ГАПА – грамадскае асветніцкае правабарончае аб’ядннне

Каляндарны план – Каляндарны план арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў дэпутатаў  Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі пятага склікання

РГА – рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне

РПГА – рэспубліканскае праваабарончае грамадскае аб’яднанне

ППНС / Палата прадстаўнікоў  – Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

СМІ – сродкі масавай інфармацыі

УВК – участковая выбарчая камісія па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў

Цэнтральная камісія – Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў

Уводзіны

Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» – незалежная і палітычна незаангажаваная сумесная ініцыятыва Праваабарончага цэнтра «Вясна» і РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт».

Мэта кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» – назіранне за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання, ацэнка выбарчага працэсу з пункту гледжання беларускага выбарчага заканадаўства і міжнародных стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў, інфармаванне беларускай грамадскасці і міжнароднай супольнасці пра вынікі назірання.

З першага дня выбараў у межах кампаніі дзейнічала 95 доўгатэрміновых назіральнікаў. Іх праца ахоплівала 106 з 110 выбарчых акругаў. Вынікі апрацоўкі  штотыднёвых справаздач назіральнікаў распаўсюджваліся ў форме тыднёвых справаздач і папярэдніх справаздач па асобных этапах выбараў.

Падчас датэрміновага галасавання і галасавання ў дзень выбараў назіранне ажыццяўлялі 295 кароткатэрміновых назіральнікаў на 150 выбарчых участках па ўсёй тэрыторыі краіны. Іх справаздачы апрацоўваліся штодзённа, што дазваляе выявіць агульныя тэндэнцыі ў арганізацыі выбарчага працэсу і зафіксаваць узровень парушэнняў ВК.

 

І. Высновы

Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» лічыць, што выбарчы працэс прайшоў з сур’ёзнымі парушэннямі прынцыпаў дэмакратычных і справядлівых выбараў, замацаваных  стандартамі АБСЕ і беларускім заканадаўствам. Атмасфера палітычнага пераследу і рэпрэсій апанентаў улады, на фоне якой праходзіла выбарчая кампанія, абмежаванні падчас фарміравання выбарчых камісій, агітацыйнай кампаніі, негатыўна паўплывалі на свабоду выбару. Непразрыстасць падліку галасоў не дае падставаў сцвярджаць, што вынікі выбараў адлюстроўваюць волевыяўленне беларускага народа.

Выбары дэпутатаў ППНС пятага склікання сталі першымі парламенцкімі выбарамі, якія праводзіліся ў адпаведнасці з абноўленай рэдакцыяй Выбарчага кодэкса. Змены і дапаўненні ў ВК у асноўным носяць пазітыўны характар. Аднак адсутнасць эфектыўных механізмаў рэалізацыі правоў грамадзян і абскарджвання парушэнняў у вялікай ступені змяншаюць станоўчы ўплыў гэтых зменаў. Значная частка выбарчага працэсу застаецца нетраспарэнтнай і негалоснай. Выбарчае заканадаўства не мае дастатковых механізмаў супраць маніпуляцый пры правядзенні выбараў.

Адсутнасць крытэрыяў для ўключэння або адхілення вылучаных у склад выбарчых камісій кандыдатур дазволіла органам выканаўчай улады маніпуляваць працэсам. Нягледзячы на тое, што ВК гарантуе прадстаўленасць палітычных партый і грамадскіх арганізацый у складзе выбарчых камісій, на практыцы менавіта прадстаўнікі апазіцыйных палітычных партый склалі ў выбарчых камісіях менш за 1%.

Рэгістрацыя ініцыятыўных груп у АВК у цэлым адбывалася без парушэнняў. Аднак праверка дакладнасці подпісаў выбаршчыкаў у падпісных лістах праводзілася ў закрытым для назіральнікаў рэжыме, што дае падставы ўдзельнікам выбарчага працэсу не давяраць вынікам праверкі, асабліва ў выпадках адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. Усяго рознымі шляхамі было вылучана 494 прэтэндэнты на дэпутацкі мандат, з іх 122 (24,6%) было адмоўлена ў рэгістрацыі. Палітычныя партыі вылучылі 204 прэтэндэнты (41% ад агульнай колькасці вылучаных). Адмову ў рэгістрацыі атрымалі 23% вылучэнцаў ад партый, з іх 19,5 % – ад апазіцыных партый. 

На этапе агітацыі адзначана выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу ў мэтах падтрымкі праўладных кандыдатаў. Адначасова дзяржаўныя СМІ публікавалі матэрыялы, якія негатыўна асвятлялі дзейнасць апазіцыі. У параўнанні з парламенцкімі выбарамі 2008 г. палепшаны заканадаўчыя ўмовы для агітацыі, аднак выкарыстанне новых нормаў было звужана дзеяннямі выканаўчай улады. Вялікая колькасць кандыдатаў ад апазіцыйных партый былі пазбаўлены магчымасці данесці сваю пазыцыю да выбаршчыкаў. Зафіксаваны шматлікія выпадкі цэнзуры выступаў, перадвыбарчых праграм апазіцыйных кандыдатаў, забарона трансляцыі іх выступленнняў у эфіры. Гэта істотна абмежавала правы саміх выбаршчыкаў на атрыманне поўнай інфармацыі аб кандыдатах і іх праграмах.

У першыя дні датэрміновага галасавання колькасць тых, хто прагаласаваў датэрмінова, нязначна адрознівалася ад той, якую аб’яўлялі УВК. Але ў канцы датэрміновага галасавання павялічылася розніца паміж афіцыйнымі дадзенымі і дадзенымі назіральнікаў. Таксама ў канцы датэрміновага галасавання значна ўзрасла колькасць участкаў, на якіх дадзеныя УВК адрозніваліся ад дадзенных назіральнікаў.

Пры правядзенні датэрміновага наласавання назіральнікам неаднаразова адмаўлялі ў прадстаўленні дадзеных аб колькасці выбаршчыкаў, зарэгістраваных на ўчастках. Былі адзначаны парушэнні працы ўчастковых каміссій, сябры якіх, нягледзячы на заўвагі назіральнікаў, няякасна апячатвалі скрыні для галасавання. Таксама заўважаны выпадкі, калі памяшканні для галасавання не апячатваліся падчас перапынкаў і пасля сканчэння працы УВК.

Працэс галасавання вызначаўся шматлікімі парушэннямі падчас галасавання па месцы знаходжання выбаршчакаў. Гэта датычацца, у першую чаргу, арганізацыі галасавання па месцы знаходжання тых выбаршчыкаў, якія папярэдне не выказвалі такога жадання, і перашкод працы назіральнікаў з боку членаў УВК.

Падлік галасоў адбываўся непразрыста, назіральнікі не мелі магчымасці адсочваць правільнасць падліку галасоў, адлюстраваных у выбарчых бюлетэнях. Назіральнікамі кампаніі зафіксавана несупадзенне дадзеных аб яўцы выбаршчыкаў на ўчастках з дадзенымі, указанымі ў пратаколах УВК аб выніках галасавання.

Падчас выбарчай кампаніі пададзена 525 скаргаў. Большасць з іх сведчыць пра неабгрунтаванае неўключэнне ў выбарчыя камісіі прадстаўнікоў апазіцыі і грамадскіх аб’яднанняў. Як і на папярэдніх выбарах, ніводная скарга з такіх не была задаволена. На адмову ў рэгістрацыі ў Цэнтральную камісію паступіла 57 скарга, з якіх 11 былі задаволены. З 19 скаргаў на адпаведныя рашэнні Цэнтральнай камісіі, пададзеных у Вярхоўны Суд, задаволеная адна.

 

ІІ. Асноўная частка

Прававая база

Выбары дэпутатаў ППНС пятага склікання з'яўляюцца першымі парламенцкімі выбарамі, парадак правядзення якіх ўрэгуляваны ВК са зменамі і дапаўненнямі 2010 і 2011 гг. Асноўнымі з іх з’яўляюцца:

• органы, якія ўтвараюць камісіі, як правіла, не менш адной траціны яе складу фарміруюць з прадстаўнікоў палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў; у склад камісій забаронена ўключаць суддзяў, пракурораў, кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў; дзяржаўныя служачыя не могуць складаць больш за траціну складу камісіі;

• для кандыдатаў у дэпутаты і іх давераных асоб устаноўлены паведамляльны парадак правядзення масавых мерапрыемстваў у месцах, вызначаных мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі;

• пры вылучэннi кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў палітычнай партыяй не патрабуецца наяўнасць арганізацыйнай структуры партыі на тэрыторыі акругі, па якой вылучаецца кандыдат;

• рашэнні органаў, якія ўтварылі камісіі, могуць быць абскарджаны ў судовым парадку суб’ектамі, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў у склад камісій;

• кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў атрымалі права ствараць уласныя выбарчыя фонды для фінансавання дадатковых выдаткаў па перадвыбарчай агітацыі ў памеры не больш за 1000 базавых велічынь.

Змены і дапаўненні ў ВК у асноўным носяць пазітыўны характар і часткова ўлічылі рэкамендацыі экспертаў АБСЕ. Аднак засталіся не рэалізаванымі многія рэкамендацыі, у тым ліку, не былі прыняты меры па павышэнні празрыстасці выбарчага працэсу. Не ўсталяваны нормы, якія забяспечваюць галосны публічны падлік галасоў. Не ўсталяваны абавязак старшыні і сакратара выбарчай выдаваць копіі пратаколу аб  выніках галасавання тым асобам, якія маюць права прысутнічаць падчас падліку галасоў на ўчастку для галасавання. Такім чынам захоўваюцца недахопы рэгулявання тых працэдур выбарчага працэсу, якія ў найбольшай ступені могуць выкарыстоўвацца для фальсіфікацый і злоўжыванняў.

Цэнтральная камісія перавышала свае паўнамоцтвы і фактычна змяняла нормы выбарчага права. Гэта было накіравана на абмежаванне магчымасцей апазіцыйных кандыдаў выкарыстоўваць сродкі агітацыі за байкот выбараў. 

 

Выбарчыя камісіі

Акруговыя выбарчыя камісіі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў утвараюцца прэзідыумамі абласных, Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў і абласнымі, Мінскім гарадскім выканаўчымі камітэтамі. Участковыя выбарчыя камісіі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў – раённымі, гарадскімі выканаўчымі камітэтамі (мясцовымі адміністрацыямі).

У адпаведнасці з Каляндарным планам створана 110 АВК і 6301 УВК, у тым ліку, 43 – за мяжой.

Вылучэнне ў склад камісій, якое ажыццяўлялі палітычныя партыі, грамадскія аб'яднанні, працоўныя калектывы і групы грамадзян, было свабодным. Аднак фарміраванне камісій прайшло пад кантролем выканаўчай улады, без публічнага абмеркавання вылучаных кандыдатур. Адсутнасць сфармуляваных крытэрыяў дазволіла маніпуляваць працэдурай фарміравання на карысць суб’ектаў, лаяльных да улады. У камісіі ўвайшлі ў асноўным прадстаўнікі праўрадавых арганізацый: Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», РГА «Белая Русь» і Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў. Апазіцыя складае ў камісіях нязначную долю – непрапарцыйна малую ў параўнанні з колькасцю вылучаных прэтэндэнтаў.

Членамі АВК сталі 1 430 чалавек. З іх толькі 48 – прадстаўнікі апазіцыйных партый (3,3% ад агульнай колькасці сябраў камісій і 24% ад вылучаных апазіцыйнымі партыямі).

Закон абмяжоўвае магчымасць вылучэння ў УВК прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў. Яна даецца толькі тым арганізацыйным структурам партый і грамадскіх аб'яднанняў, якія маюць дзяржаўную рэгістрацыю або стаяць на ўліку ў мясцовых органах улады. Такім чынам, рэспубліканскія грамадскія аб'яднанні, якія не маюць арганізацыйных структур, наогул пазбаўлены магчымасці ўдзелу ў выбарчым працэсе ў складзе УВК.

Пасяджэнні органаў улады па фарміраванні УВК адбываліся ва ўмовах адноснай адкрытасці для назіральнікаў, але мелі выключна фармальны характар. У большасці выпадкаў яны зводзіліся да хуткага і безальтэрнатыўнага зацвярджэння спісаў складу камісій, падрыхтаваных напярэдадні пасяджэнняў у закрытым рэжыме.

Членамі УВК сталі 68 945 чалавек. З іх 61 – прадстаўнікі апазіцыйных партый (менш за 0,1%). Яны ўвайшлі менш чым у 1% камісій. Гэта сведчыць пра выключэнне апанентаў улады з арганізацыі галасавання і падліку галасоў і пазбаўленне іх магчымасці ўплываць на працу УВК.

 

Рэгістрацыя кандыдатаў

Рэгістрацыя ініцыятыўных груп у АВК у цэлым адбывалася без парушэнняў. Зарэгістравана 352 ініцыятыўныя групы, якія планавалі вылучыць 330 асобаў (некаторыя прэтэндэнты рэгістравалі некалькі ініцыятыўных груп у розных акругах). Адмоўлена 85 ініцыятыўным групам, якія планавалі вылучыць 15 прэтэндэнтаў. Большасць адмоваў атрымалі ініцыятыўныя групы Міколы Статкевіча і Аляксея Міхалевіча. Адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп гэтых грамадзян супярэчаць выбарчаму заканадаўству[1].

Змены ў ВК спрасцілі парадак запаўнення падпісных лістоў і дазволілі збор подпісаў у форме пікетаў без атрымання папярэдяга дазволу пры ўмове іх правядзення ў незабароненых месцах. Аднак назіральнікі паведамлялі аб шматлікіх выпадках нядопуску ініцыятыўных груп па вылучэнні апазіцыйных кандыдатаў на тэрыторыі дзяржаўных установаў, прадпрыемстваў, у студэнцкія і працоўныя інтэрнаты.

Пастанова Цэнтральнай камісіі ад 19 чэрвеня 2012 г. № 23 стварыла ўмовы для выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу пры зборы подпісаў, дазволіўшы ўносіць звесткі ў падпісныя лісты не толькі сябрам ініцыятыўных груп, выбаршчыкам, але і іншым асобам па просьбе выбаршчыкаў. Гэта пярэчыць ч.16 арт. 61 ВК, паводле якой усе подпісы ў падпісных лістах прызнаюцца несапраўднымі, калі яны сабраныя не сябрам ініцыятыўнай групы.

Працэдуры праверкі дакладнасці подпісаў выбаршчыкаў у падпісных лістах праводзіліся закрыта, на пасяджэннях АВК звычайна агучваліся іх вынікі.

Было вылучана 494 прэтэндэнты на дэпутацкі мандат. З іх 122 (24,6%) адмоўлена ў рэгістрацыі. Палітычныя партыі вылучылі 204 прэтэндэнты (41% ад агульнай колькасці). Адмоўлена ў рэгістрацыі 23%, з якіх падаўляючую большасць – 19,5% – складаюць вылучэнцы ад Партыі БНФ, АГП, БСДП (Г) і БПЛ «Справядлівы свет».

У многіх выпадках падставай для адмовы былі выключна фармальныя парушэнні, напрыклад тое, што дата подпісу ў падпісным лісце зроблена не рукой выбаршчыка.  Хаця сапраўднасць самога подпісу пад сумнеў не ставілася, гэта фармальнае парушэнне адыгрывала вызначальную ролю для адмовы ў рэгістрацыі. Адмоўлена ў рэгістрацыі было ў тым ліку старшыні ГАПА «Рух за свабоду» Аляксандру Мілінкевічу і актывісту кампаніі «Гавары праўду» Міхаілу Пашкевічу.

Абсалютна праходнымі з’явіліся тыя, хто вылучаўся ад двух суб’ектаў (ад грамадзян шляхам збору подпісаў і ад працоўных калектываў) – 100% рэгістрацыі. Гэтым шляхам вылучаліся пераважна кандыдаты, якіх падтрымлівае ўлада.

 

Перадвыбарчая агітацыя

Кандыдатам прадастаўлена права на пяціхвілінны выступ на дзяржаўным радыё, дзяржаўным тэлебачанні, а таксама на пяціхвілінны выступ падчас дэбатаў, якія транслююцца ў запісу.

Цэнтральнай камісіяй створаны Назіральны савет па кантролі за выкананнем парадку і правілаў правядзення перадвыбарнай агітацыі ў сродках масавай інфармацыі, у склад якога ўваходзяць чыноўнікі і супрацоўнікі дзяржаўных СМІ. Прапанова аб пашырэнні складу Назіральнага савета за кошт увядзення ў яго склад прадстаўнікоў Беларускай асацыяцыі журналістаў і незалежных СМІ Цэнтральнай камісіяй была адхілена.

Назіральны савет вырашыў, што выступы асобных кандыдатаў ад АГП, якія заклікалі да байкоту выбараў, не з’яўляюцца перадвыбарчай агітацыяй. На падставе яго рэкамендацый Цэнтральная камісія ў перавышэнне сваіх паўнамоцтваў скарэктавала нормы выбарчага права. Пастановай № 93 фактычна ўводзена цэнзура агітацыйных выступаў кандыдатаў – у гарантаваных бясплатных выступах і публікацыях не дапускаюцца заклікі да байкоту выбараў, што пярэчыць арт. 45, 47 ВК. Пастанова № 122 забараніла ўдзельнічаць у дэбатах тым двераным асобам, якія самі з’яўляюцца кандыдатамі. Гэта пярэчыць арт. 46 ВК, які дазваляе давераным асобам кандыдатаў удзельнічаць у дэбатах замест кандыдата без умоваў і абмежаванняў.

Цэнзура, забарона бясплатных выступаў у СМІ тых кандыдатаў, якія заклікаюць да байкоту выбараў, абмяжоўваюць таксама правы выбаршчыкаў на атрыманне поўнай і аб’ектыўнай інфармацыі[2].

Правам на стварэнне прыватных выбарчых фондаў скарысталася менш за траціну кандыдатаў. Кандыдаты ад апазіцыі заяўлялі пра бюракратычныя перашкоды з боку камісій, што замарудзіла адкрыццё іх рахункаў. Фактаў выкарыстання выбарчых фондаў для аплаты вонкавай рэкламы або рэкламы на радыё і тэлебачанні наогул не заўважана.

Агітацыйныя масавыя мерапрыемствы апазіцыйных кандыдатаў сутыкаліся з перашкодамі з боку органаў выканаўчай улады, асабліва часта падобныя выпадкі адзначаліся ў рэгіёнах. Адначасова ў многіх месцах ствараліся спрыяльныя ўмовы для сустрэч праўладных кандыдатаў з выбаршчыкамі, практычна паўсюль у гэтых мэтах выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс. Агітацыя ў падтрымку кандыдатаў, лаяльных укладзе, ажыццяўлялася прадстаўнікамі выканкамаў, кіраўнікамі дзяржаўных устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў.

 

Датэрміновае галасаванне

Згодна з арт. 53 ВК, датэрміновае галасаванне пачынаецца не раней за пяць дзён да дня выбараў. Яно адбываецца ў памяшканні УВК у прысутнасці не менш за двух яе сябраў з 10 да 14 і з 16 да 19 гадзін. Афіцыйнага пацвярджэння немагчымасці прысутнічаць у дзень выбараў ад грамадзяніна не патрабуецца. У першы дзень датэрміновага галасавання пламбіруюцца і апячатваюцца скрыні. УВК штодзённа складае і вывешвае пратакол, у якім указваецца агульная колькасць атрыманых бюлетэняў, колькасць выбаршчыкаў, якія іх атрымалі (у апошні дзень – агульная колькасць за ўсе дні), колькасць сапсаваных і асобна – нявыкарыстаных бюлетэняў. Прымус да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні забаронены.

У сярэднім на 3,4% выбарчых участкаў, дзе вялося назіранне, рабіліся перашкоды назіральнікам пры падліку імі колькасці выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у датэрміновым галасаванні. Шмат разоў камісіі адмаўлялі ў прадастаўленні інфармацыі аб колькасці зарэгістраваных на ўчастках выбаршчыкаў, што не дазваляла падлічыць адсотак прагаласаваўшых за дзень ад агульнай колькасці выбаршчыкаў. Мелі месца таксама выпадкі неабгрунтаванай забароны назіральнікам карыстацца фотаапаратурай.

Праца УВК па-за афіцыйным раскладам адзначана ў сярэднім на 4,5% выбарчых участкаў. Назіральнікам дазвалялі прысутнічаць ў пакоі для галасавання толькі ў афіцыйныя часы працы УВК. Пры гэтым аднак шмат разоў заўважана знаходжанне сябраў камісіі ў зачыненым пакоі для галасавання не ў вызначаны законам час, што тлумачылася як «працоўны момант УВК», «падрыхтоўка пакоя да галасавання» ды інш. Таксама зафіксаваны выпадкі, калі ў час перапынкаў і пасля сканчэння працы УВК не апячатваліся памяшканні для галасавання.

Прымус да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні зафіксаваны ў сярэднім на 16,8% выбарчых участкаў, дзе ажыцяўлялася назіранне. У асноўным датэрмінова галасавалі студэнты, насельнікі інтэрнатаў, ваеннаслужачыя, супрацоўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў, грамадзяне, асуджаныя да абмежавання волі, ды інш. Прыкметамі прымусу да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні былі: просьба выбаршыкаў да сябраў УВК выдаць даведку аб удзеле ў галасаванні, арганізаваны прывод ці прывоз выбаршчыкаў на ўчастак для галасавання, інфармаванне сябрамі УВК прадстаўнікоў адміністрацыі аб удзеле ў датэрміновым галасаванні ды інш.

Умяшальніцтва пабочных асобаў у працу УВК адзначана ў сярэднім на 20,9 % выбарчых участкаў. У асноўным такімі пабочнымі асобамі з’яўляліся прадстаўнікі мясцовых выканаўчых органаў улады, прадстаўнікі адміністрацый арганізацый і ўстаноў. Фіксаваліся шматлікія выпадкі ўдакладнення сябрамі УВК і прадстаўнікамі дзяржаўных прадпрыемстваў і навучальных устаноў спісаў прагаласаваўшых і не прагаласаваўшых, што відавочна сведчыць пра кантроль за сітуацыяй. УВК рэгулярна прадастаўлялі кіраўніцтву адпаведных устаноў ці адміністрацый інфармацыю аб колькасці тых, хто прагаласаваў датэрмінова.

Невывешванне пратаколаў аб выніках штодзённага галасавання ў сярэднім мела месца на 1% выбарчых участкаў. Назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» ўказвалі сябрам УВК на неабходнасць паведамлення гэтых вынікаў.

Па падліках назіральнікаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» ў першыя дні колькасць прагаласаваўшых выбаршчыкаў нязначна адрознівалася ад той колькасці, якую аб’яўлялі УВК. У апошні дзень датэрміновага галасавання розніца склала ўжо 3 831 чалавек. Таксама ў канцы датэрміновага галасавання павялічылася і колькасць выбарчых участкаў, на якіх фіксавалася адрозненне афіцыйных дадзеных і дадзеных незалежнага назірання – з 30,7% да 39,5%.

У асобных выпадках назіральнікі бачылі значнае разыходжанне ў лічбах прагаласаваўшых на працягу дня з лічбамі, якія абвяшчаліся УВК. Напрыклад, у Гомельскай-Савецкай выбарчай акрузе № 34 на ўчастках № 1, 2, 18, 23 амаль увесь час назірання назіралася разыходжанне лічбаў у 2–3 разы і інш.

Колькасць выбаршчыкаў, якія прагаласавалі датэрмінова[3]

 

Дзень

Колькасць участкаў, на якіх былі даступныя дадзеныя аб колькасці тых, хто прагаласаваў

Колькасць выбаршчыкаў, якія прагаласавалі датэрмінова

Розніца

Адсотак выбарчых участкаў, на якіх фіксавалася адрозненне паміж афіцыйнымі дадзенымі і дадзенымі назіральнікаў па колькасці прагаласаваўшых датэрмінова за дзень

Дадзенныя УВК

Дадзеныя

назіральнікаў

18 верасня

137

6 676

6 375

-301 (4,5%)

30,7

19 верасня

143

11 414

10 663

-751 (6,6%)

31,5

20 верасня

142

14 719

13 496

-1 223 (8,3%)

28,47

21 верасня

143

19 148

17 055

-2 093 (10,9%)

40,36

22 верасня

154

25 408

21 577

-3 831 (15,1%)

39,5

Усяго (у сярэднім)

 

78 763

70 564

-8 199 (10.4%)

(34,2)



Дзень выбараў: галасаванне па месцы знаходжання выбаршчыкаў

Назіральнікамі адзначаны шматлікія парушэнні, якія датычацца, у першую чаргу, арганізацыі галасавання па месцы знаходжання выбаршчыкаў, якія папярэдне не выказвалі такога жадання. Інфармацыя аб тым, колькі выбаршчыкаў і на якіх падставах унесены ў спіс для галасавання па месцы знаходжання таксама была закрытай.  Сакратар Цэнтральнай камісіі Мікалай Лазавік фактычна прызнаў, што УВК загадзя ўключала выбаршчыкаў у гэтыя спісы, зыходзячы з іх узросту, стану здароўя і іншых фактараў.

Назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» часта не мелі магчымасці адсочваць запаўненне спісу выбаршчыкаў і выдачу бюлетэняў для галасавання. Падчас назірання за галасаваннем па месцы знаходжання выбаршчыкаў заўважаны выпадкі, калі грамадзяне наогул адмаўляліся галасваць па розных прычынах (Свіслацкая выбарчая акруга № 94, выбарчы ўчастак № 126 і інш.). 

 

Дзень выбараў: галасаванне на выбарчых участках

Галасаванне на выбарчых участках праводзіцца з 8 да 20 гадзін у спецыяльна абсталяваных памяшканнях, што ўключае: кабіны або пакоі для тайнага галасавання, вызначаныя месцы выдачы бюлетэняў і ўсталяваныя скрыні для галасавання. Яны размяшчаюцца такім чынам, што выбаршчыкі пры набліжэнні да іх праходзяць праз кабіны або пакоі для тайнага галасавання. Пры гэтым скрыні для галасавання павінны знаходзіцца ў поле зроку сябраў участковай камісіі, назіральнікаў, прадстаўнікоў СМІ.

У дзень выбараў перад пачаткам галасавання скрыні для галасавання правяраюцца, пламбуюцца або апячатваюцца.

Участковая камісія абавязана забяспечыць магчымасць удзельнічаць у галасаванні тым выбаршчыкам, якія па стане здароўя або па іншых уважлівых прычынах не змогуць прыйсці ў дзень выбараў у памяшканне для галасавання. Афіцыйнага пацвярджэння для гэтага не патрабуецца. Аднак, на падставе арт. 54 ВК выбарчая камісія не мае права звяртацца да выбаршчыкаў з прапановай прагаласаваць па месцы іх знаходжання. Выбаршчык сам прымае рашэнне наконт такой формы галасавання і звяртаецца ў камісію з адпаведнай просьбай. Пры галасаванні па месцы знаходжання выбаршчыка сябрам камісіі выдаецца такая колькасць бюлетэняў, якая адпавядае колькасці зваротаў выбаршчыкаў. Падчас яго маюць права прысутнічаць назіральнікі.

27 ліпеня 2012 г. Цэнтральная камісія прыняла Пастанову за № 42, што вызначае дакументы, акрамя пашпарта, на падставе якіх могуць выдавацца бюлетэні для галасавання. Імі з’яўляюцца: вайсковы білет, пасведчанне дзяржаўнага служачага, пенсійнае пасведчанне, студэнскі білет і правы кіроўцы. Усе яны (акрамя вайсковага білета) не маюць адзнакі грамадзянства і месца жыхарства, што стварае магчымасці галасаваць для тых асоб, якія не валодаюць выбарчым правам. 

Паводле арт. 21 ВК ні выбаршчыкі, ні назіральнікі не маюць права знаёміцца са спісамі выбаршчыкаў на ўчастку. Выбаршчык можа атрымаць інфармацыю толькі пра сябе ці пра членаў сваёй сям’і. У сітуацыі, калі УВК амаль да заканчэння падліку галасоў не даюць інфармацыі аб колькасці выбаршчыкаў на ўчастку, адсутнасць адзінага рэестру выбаршчыкаў стварае перадумовы для маніпуляцый.

Адбыліся шматлікія выпадкі ціску на назіральнікаў і незаконага выдалення іх з выбарчых участкаў. 26,8% назіральнікаў паведамілі, што на працу членаў УВК паступалі скаргі адразу ад некалькіх асоб. 

 

Падлік галасоў

Згодна з арт. 13 ВК падліку галасоў адбываецца галосна, на ўчастку маюць права прысутнічаць акрэдытаваныя назіральнікі, прадстаўнікі СМІ, кандыдаты ў дэпутаты па дадзенай выбарчай акрузе і іх давераныя асобы. Падлік галасоў ажыцяўлецца паасобна: спачатку падлічваюцца бюлетэні, якія знаходзіліся ў скрыні для датэрміновага галасавання, потым – якія знаходзіліся ў пераносных скрынях для галасавання па месцы знаходжання выбаршчыкаў. У апошнюю чаргу – тыя, якія знаходзіліся ў скрынях у памяшканнях для галасавання. Вынікі кожнага падліку галасоў абвяшчаюцца старшынёй камісіі.

На падставе бюлетэняў, якія знаходзіліся з скрынях для галасавання, камісія спачатку паасобна, а потым суміруючы дадзеныя, устанаўлівае: агульную колькасць выбаршчыкаў, прыняўшых удзел у галасаванні, у тым ліку колькасць выбашчыкаў, якія прынялі ўдзел у датэрміновым галасаванні, колькасць выбаршчыкаў, якія галасавалі па месцы свайго знаходжання, колькасць выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні ў дзень выбараў на ўчастку для галасавання; колькасць галасоў, аддадзеных за кожнага кандыдата ў дэпутаты, і колькасць галасоў, аддадзеных супраць усіх кандыдатаў у дэпутаты (на безальтанатыўнай акрузе – колькасць галасоў пададзеных супраць кандыдата), колькасць бюлетэняў, прызнаных несапраўднымі.  Несапраўдныя бюлетэні ўпакоўваюцца асобна.

Пасля завяршэння падліку галасоў УВК праводзіць пасяджэнне, на якім устанаўліваюцца і заносяцца ў пратакол вынікі падліку галасоў, разглядаюцца скаргі і звароты, асабістыя меркаванні сябраў камісій (пры наяўнасці). У пратаколе пасяджэння УВК таксама павінны быць адлюстраваныя вынікі паасобнага падліку галасоў (складаецца толькі ў адным асобніку і перадаецца толькі ў  органы, якія стварылі камісіі – райвыканкамы ці раённыя Адміністрацыі)[4].

У пратаколе аб выніках галасавання ўквазваецца толькі агульны вынік галасавання. Копія пратаколу аб выніках галасавання пасля яго падпісання вывешваецца для ўсеагульнага азнаямлення. Выдача заверанай копіі пратаколу аб выніках галасавання на ўчастку назіральніку заканадаўствам не прадугледжана.

 

Назіранне за падлікам галасоў

На гэтым этапе назіральнікі сутыкнуліся з адсутнасцю доступу да шэрагу дакументаў УВК. У большасці выпадкаў не паказвалі пратаколы пасяджэнняў УВК, у якіх адлюстроўваюцца вынікі паасобнага падліку галасоў.

У цэлым магчымасць прысутнічаць у памяшканнях для галасавання падчас падліку галасоў прадастаўлялася. Аднак пры гэтым большасць з назіральнікаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» (71,6%) адзначылі, што падлік галасоў адбываўся непразрыста – усімі сябрамі УВК адначасова, калі кожны лічыў толькі свой стос выбарчых бюлетэняў, перадаючы лічбы старшыні камісіі. Пры такой працэдуры ні назіральнікі, ні кожны асобны сябра УВК не ведалі агульнага выніку падліку галасоў на ўчастку. Акрамя таго назіральнікам не дазвалялі знаходзіцца на той адлегласці ад сталоў, з якой бачна працэдуру падліку. 78% з іх указалі, што не маглі вызначаць для сябе зручнае месца (адлегласць) для назірання за падсумаваннем галасоў выбаршчыкаў.

44 % назіральнікаў паведамілі, што УВК не агалошвалі вынікі паасобнага падліку галасоў, а  13,6 % назіральнкіаў заявілі аб адсутнасці паасобнага падліку галасоў.

У многіх выпадках указваецца на розніцу паміж колькасцю выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні паводле дадзеных пратаколаў УВК, і колькасцю, зафіксаванай самімі назіральнікамі. Розніца склала ў сярэднім 18,8%.

 

Cкаргі і звароты, звязаныя з выбарамі

Падчас выбарчай кампаніі пададзена больш за 525 скаргаў і заяў. З іх 117 – скаргі на неабгрунтаванае неўключэнне ў склад АВК і УВК прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў. Ні адна з іх не задаволена. Некаторыя не разгледжаны ў сувязі з пропускам устаноўленага ВК трохдзённага тэрміну падачы. Суды ігнаравалі довады заяўнікаў аб дыскрымінацыйным падыходзе мясцовых выканаўчых органаў да ўтварэння УВК, спасылаючыся на тое, што працэдура фарміравання выбарчых камісій была праведзена без фармальных парушэнняў. Шмат у чым гэта абумоўлена адсутнасцю ў ВК крытэрыяў уключэння прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій.

На этапе рэгістрацыі ініцыятыўных груп пададзена 3 скаргі (практычна ўсе ініцыятыўныя групы былі зарэгістраваныя).

На этапе збору подпісаў пададзена 18 скаргаў (на прэзідэнцкіх выбарах 2010 г. іх было больш за 50). Нязначная колькасць тлумачыцца тым, што збор подпісаў выкарыстоўваўся нямногімі кандыдатамі пераважна з мэтай прыцягнення ўвагі да сваіх праграм. Асноўныя ўдзельнікі выбарчай кампаніі – палітычныя партыі – вылучалі прадстаўнікоў рашэннямі вышэйшых органаў.

На рашэнні АВК аб адмове ў рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты ў Цэнтральную камісію пададзена 57 скаргаў. Задаволена – 11. На рашэнні Цэнтральнай камісіі ў Вярхоўны Суд паступіла 19 скаргаў. Адна з іх задаволена і заяўнік зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты.

Разглядаючы скаргу Сяргея Парсюкевіча Вярхоўны Суд ужыў норму ч. 16 арт. 61 ВК і прызнаў недапушчальным запаўненне падпісных аркушаў асобай, якая не з’яўляецца сябрам ініцыятыўнай групы. Гэта пярэчыць Пастанове Цэнтральнай камісіі, якая ўстанавіла, што звесткі аб выбаршчыку  могуць запаўняцца як выбаршчыкам, так і іншай асобай па просьбе выбаршчыка. Рашэнне Вярхоўнага Суда выяўляе відавочную незаконнасць згаданай Пастановы Цэнтральнай камісіі, аднак не дае гэтаму адпаведнай ацэнкі.

Цэнтральная камісія абгрунтавала адмову ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты Аляксандра Солапа неадпаведнасцю яго асобы маральна-этычным патрабаванням. (Прэтэндэнт на дэпутацкі мандат двойчы асуджаўся да пазбаўлення волі). Аднак у адпаведнасці з законам пагашаныя судзімасці не могуць служыць перашкодай для рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты. Верховный суд пакінуў у сіле рашэнне Цэнтральнай камісіі. Падыход Вярхоўнага Суда пярэчыць заканадаўству, паколькі ў адпаведнасці з арт. 99 Крымінальнага кодексу Рэспублікі Беларусь  пагашэнне ці зняцце судзімасці анулюе прававыя наступствы крымінальнай адказнасці.

На этапе агітацыі пададзена больш за 113 скаргаў, якія датычыліся пераважна наступных з'яў бягучай выбарчай кампаніі: цэнзуры праграм кандыдатаў у СМІ, адмоў у трансляцыі выступаў кандыдатаў, забароны правядзення пікетаў у падтрымку байкоту выбараў, адмоў ў прадастаўленні памяшканняў для сустрэч з выбаршчыкамі.

Па датэрміновым галасаванні, галасаванні ў дзень выбараў і пры падліку галасоў на момант напісання справаздачы пададзена 200 скаргаў. Большасць з іх на парушэнні вызначанай ВК працэдуры галасавання: умяшальніцтва старонніх асоб у працу УВК, прастаўленне адзнак у бюлетэнях за выбаршчыкаў членамі УВК, выдача некалькіх бюлетэняў адной асобе і г.д. Акрамя таго, пададзены скаргі на перашкоды ажыццяўляць назіранне на ўчастку для галасавання. Скаргі накіроўваліся не па кожным факце парушэнняў, у некаторых выпадках назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» паведамлялі аб парушэнні ў СМІ.

Адносна парушэнняў, дапушчаных пры падліку галасоў, пададзена 31 скарга, ні адна з якіх не была задаволена. Некаторыя скаргі, датычныя гэтай жа праблемы, удзельнікі выбарчай кампаніі маюць намер падаць у панядзелак 24 верасня.

 



[1] Экспертнае заключэнне аб нерэгістрацыі ініцыятыўных груп Мікалая Статкевіча і Аляксея Міхалевіча. Рэжым доступу: http://spring96.org/be/news/55169.

[2] Аб рэалізацыі права кандыдатаў у дэпутаты на перадвыбарную агітацыю. Рэжым доступу: http://spring96.org/be/news/56615.

[3] Дадзеныя 719 справаздач (з участкаў, на якіх назіральнікі маглі атрымаць ад УВК дадзеныя па колькасці прагаласаваўшых), апрацаваных за ўвесь перыяд датэрміновага галасавання.

[4] Прызнаюцца несапраўднымі бюлетэні неўстаноўленага ўзору, бюлетэні, на адваротным баку якіх адсутнічаюць подісы сябраў УВК, а таксама бюлетэні, у якіх знак пастаўлены больш чым у адным квадраце ці не пастаўлены ў ні водным з іх, або бюлетэні, у якія ўнесена  прозвішча толькі аднаго кандыдата і знак пастаўлены у двух квадратах ці не пастаўлены ў ніводным з іх // Дапаможнік для членаў УВК, зацверджаны Пастановай Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні  рэспубліканскіх рэферэндумаў ад 26.04.2012 г. № 11.

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма