Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Назіральнікі АБСЕ: Выбары ў Беларусі нельга назваць свабоднымі і бесстароннімі

Даклад прэзентаваны 24 верасня на брыфінгу ў Мінску. Канчатковы даклад назіральнікаў АБСЕ плануецца падрыхтаваць на працягу двух месяцаў.

"Шматлікія абавязацельствы ў межах АБСЕ па дэмакратычных правах грамадзян на свабоднае вылучэнне кандыдатаў і магчымасць свабодна выказваць меркаванне не былі выкананыя", — гаворыцца ў прэзентаваным дакладзе.

"Выбары не праводзіліся бесстаронна, а працэс падачы скаргаў і апеляцый не гарантаваў эфектыўнага сродку абароны", — адзначаюць назіральнікі.

"Выбары не былі канкурэнтаздольнымі з самага пачатку, — заявіў кіраўнік місіі кароткатэрміновых назіральнікаў ПА АБСЕ Матэа Мекачы. — Свабодныя выбары залежаць ад магчымасці людзей свабодна гаварыць, свабодна арганізоўваць і балатавацца, чаго мы не ўбачылі падчас гэтай кампаніі".

Разам з тым ён падкрэсліў: "Мы па-ранейшаму гатовы працаваць з Беларуссю па прыняцці далейшых неабходных захадаў, што ў нашых агульных інтарэсах".

У сваю чаргу кіраўнік місіі назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ Антоніа Мілашоскі адзначыў: "Адсутнасць нейтралітэту і бесстароннасці з боку выбарчых камісій сур'ёзна падрывае давер грамадства да гэтага працэсу. Грамадзяне павінны быць упэўненыя ў тым, што іх галасы сумленна падлічаныя. Недахоп выразных працэдур падліку і магчымасцяў для назіральнікаў назіраць за гэтым, каб пацвердзіць вынікі, выклікаюць сур'ёзную трывогу", перадае БелаПАН.

Назіральнікі ад АБСЕ таксама адзначаюць: "Нягледзячы на рост ліку кандыдатаў ад палітычных партый, вядомыя палітычныя фігуры, якія маглі сыграць сваю ролю, або заставаліся ў турме, або не былі зарэгістраваныя з прычыны наяўнасці крымінальных спраў".

Акрамя таго, паводле меркавання назіральнікаў, "нягледзячы на некаторыя паляпшэнні выбарчага заканадаўства ў 2010 і 2011 гадах, заканадаўчыя межы ўсё яшчэ не гарантуюць правядзенне выбараў у адпаведнасці з абавязацельствамі ў межах АБСЕ і міжнароднымі стандартамі".

"Выбарчая кампанія была ледзь прыкметная на працягу ўсіх чатырох тыдняў, — гаворыцца ў дакладзе. — Нягледзячы на тое што Канстытуцыя гарантуе ўсім права на свабоду самавыяўлення і ў краіне дастатковая колькасць СМІ, асвятленне кампаніі не дэманстравала шырокі дыяпазон поглядаў. Кандыдатам, якія заклікалі да байкоту, было адмоўлена ў свабодным доступе да медыя, або іх выступленні зведалі цэнзуру. СМІ канцэнтраваліся на прэзідэнце і ўрадзе з вельмі малой увагай да кандыдатаў у дэпутаты".

У дакуменце таксама адзначаецца: "У той час як папярэдняе галасаванне і галасаванне ў дзень выбараў характарызаваліся пазітыўна, працэс значна пагоршыўся падчас падліку галасоў".

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма