Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Бабруйск: Лічбы па галасаванні па месцы жыхарства нерэальна вялікія

  • Падлік галасоў
    Падлік галасоў

Незалежных назіральнікаў у Бабруйску асабліва моцна ўразілі лічбы, якія “намалявалі” на асобных участках сябры камісій па галасаванні па месцы знаходжання выбаршчыкаў.

Так, напрыклад, на ўчастку № 44 па месцы жыхарства нібыта прагаласавала 397 чалавек, на ўчастку № 38 лічба таксама нерэальная – 407, участак № 11 – 121 чалавек.

-Спачатку ўсё нібыта ішло добра, нашыя падлікі супадалі з падлікамі сябраў камісіі, - расказвае Альберт Секержыцкі, які назіраў на ўчастку № 25 (САШ № 19). – Але калі прыйшлі вынікі з галасавання па месцы жыхарства, а гэта 314 подпісаў, мне ўсё стала зразумела.

Усе незалежныя назіральнікі ў адзін голас сцвярджаюць, што сабраць такую колькасць подпісаў за невялікі час проста нерэальна. А некаторыя сябры камісій нібыта ўмудрыліся “наведаць” па некалькі соцень кватэр за лічаныя гадзіны.  Назіральнікі кажуць, максімальная рэальная колькасць – 21 чалавек у гадзіну. Менавіта такія вынікі былі і ў тых выязных камісій, разам з якімі ім дазволілі прысутнічаць.

Несупадзенні ў падліках назіральнікаў і сябраў камісій таксама былі амаль паўсюдна. Так, напрыклад, на ўчастку № 42 падлікі разышліся ў 232 бюлютэні, на № 11 – у 157, № 12 – каля 100 бюлютэняў, № 35 – 342, на ўчастку № 12 – 475. У некаторых выпадках, кажуць назіральнікі, гэтыя лічбы сябры камісій нібыта бралі з галавы, нічога не лічылі, а проста выдавалі канчатковую лічбу. Потым, - хутка падпісвалі пратаколы і літаральна збягалі з участкаў.

-З выязной камісіяй паехалі, і па некалькіх адрэсах аказалася, што людзі ці выехалі, ці памерлі яшчэ раней, - расказвае назіральнік па участку № 36 Вячаслаў Шэлег. – Пачынаеш удакладняць: як так, вы ж павінны былі па заяўках прыязджаць? Адказваюць: “не дурыце галаву, мы па старых спісах працуем!” Мы налічылі на ўчастку 271 выбаршчыка у дзень галасавання, камісія – 550. Спачатку сябры камісіі былі вельмі сумныя і рыхтаваліся да звальнення, бо яўка вельмі нізкая была, за паўтары гадзіны неяк толькі пяць чалавек зайшлі. А потым участак наведаў старшыня АВК Ленінскага раёна Уладзімір Вяткін, перагаварыў з імі, і яны адразу павесялелі. Бюлютэняў на стале было няшмат, але яны іх крыху параскладалі ў розныя купкі, відаць было, што не лічылі. Потым адна барышня папстрыкала на калькулятары і нават не сказала лічбу сакратару. Яны хутка аформілі пратакол, вывесілі яго, селі ў машыну і з’ехалі.

На асобных участках пайшлі іншым шляхам – у апошні момант зменшылі колькасць выбаршчыкаў. Назіральніца Данута Жлячэнка адзначыла, што на ўчастку № 28 “прыбралі” 150 чалавек.

-Наконт падліку галасоў прэтэнзій не маю, але калі ўбачыла, што настолькі зменшылі колькасць выбаршчыкаў на ўчастку, мне гэта падалося непраўдападобным. Я адмовілася падпісвацца ў пратаколе, - адзначыла Данута Жлячэнка.

На дадзены момант падаць скаргі ў сувязі з падменай вынікаў галасавання выказалі назіральніцы Ніна Федзяева, Аляксандра Сьянава і Ірына Уварава. Яны збіраюцца накіроўваць іх у АВК, ЦВК і пракуратуру.  

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма