“Вясна” ў складзе беларускай дэлегацыі брала ўдзел у канфэрэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні ў Варшаве
Намеснік старшыні ПЦ “Вясна” 25-26 верасня браў удзел у шэрагу мерапрыемстваў у межах штогадовай канфэрэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні, што праходзіць з 24 верасня па 5 кастрычніка ў Варшаве. Валянцін Стэфановіч сустрэўся з кіраўніком Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ Янэзам Лянарчычам, атаксама з прадстаўніцтвам ЗША ў АБСЕ. Асноўнымі тэмамі гэтых сустрэчаў сталі вынікі назірання за парламенцкімі выбарамі і наяўнасць палітычных вязняў ў Беларусі.
Пра праблему палітвязняў прадстаўнік “Вясны” распавёў і падчас тэматычнага мерапрыемства “Праваабаронцы ў зняволенні”, якое 25 верасня правяла Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў (сумесная праграма Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT)) і на якім разглядаліся выпадкі пераследу праваабаронцаў у такіх краінах, як Казахстан, Узбекістан, Расія і Беларусь. У сваім выступе Стэфановіч выклаў абставіны справы кіраўніка ПЦ “Вясна” Алеся Бяляцкага, распавёў пра ціск на праваабарончую арганізацыю “Платформа” і яе кіраўніка Андрэя Бандарэнку, узгадаў пра незаконнае ўключэнне прадстаўнікоў праваабарончых арганізацыяў у спісы “невыязных”.
26 верасня прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў - Асамблеі няўрадавых дэмакратычных аб’яднанняў, Беларускай асацыяцый журналістаў і Праваабарончага цэнтру “Вясна” - правялі паралельнае мерапрыемства ў межах нарады АБСЕ.
Прэзентацыя беларускіх няўрадавых арганізацыяў была прысвечаная ацэнцы парламэнцкіх выбараў у Беларусі. Як паведамляецца ў выніковым прэс-рэлізе Асамблеі НДА, у межах мерапрыемства палітолаг Юрый Чавусаў даў ацэнку палітычным і прававым умовам, якія папярэднічалі выбарчай кампаніі. “Выбары адбываліся ва ўмовах пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека, а таксама на фоне наступстваў эканамічнага крызісу, які прадвызначыў падзенне даверу насельніцтва да кіруючага рэжыму”, – сказаў Юрый Чавусаў. Выступоўца адзначыў, што, апроч прынятых у 2011 годзе рэпрэсіўных законаў, цяпер улады плануюць ўвесці адміністратыўную адказнасць за апублікаванне вынікаў незалежных апытанняў грамадскай думкі, што пагражае знікненнем электаральнай сацыялогіі як сродка аб’ектыўнага вымярэння грамадскіх настрояў.
Медыяаналітык Алесь Анціпенка азнаёміў прысутных з аглядам асьвятлення выбарчай кампаніі ў дзяржаўных і недзяржаўных сродках масавай інфармацыі. Было адзначана, што медыі надавалі надзвычай мала ўвагі выбарчай кампаніі, пры гэтым ігнаравалася пазіцыя асноўных яе ўдзельнікаў (кандыдаты, партыі і грамадскія рухі), а асноўнай персонай, якая ўвасабляла выбары, з’явілася Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч прадставіў першасны варыянт выніковай справаздачы кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, што была рэалізаваная ў мэтах назірання за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі Праваабарончым цэнтрам “Вясна” і Беларускім Хельсінкскім камітэтам.
Выступоўца адзначыў, што згодна з высновамі назірання за ўсімі этапамі выбараў можна канстатаваць, што выбарчы працэс прайшоў з сур’ёзнымі парушэннямі прынцыпаў дэмакратычных і справядлівых выбараў, замацаваных стандартамі АБСЕ і беларускім заканадаўствам. Атмасфера палітычнага пераследу і рэпрэсіяў апанентаў улады, на фоне якой праходзіла выбарчая кампанія, абмежаванні падчас фарміравання выбарчых камісіяў, агітацыйнай кампаніі, негатыўна паўплывалі на свабоду выбару. Непразрыстасць падліку галасоў не дае падставаў сцвярджаць, што вынікі выбараў адлюстроўваюць волевыяўленне беларускага народу.
Прэзентацыя беларускіх грамадскіх аб’яднанняў выклікала значную цікаўнасць удзельнікаў канферэнцыі АБСЕ - яе наведалі як прадстаўнікі іншых НДА, так і сябры шэрагу афіцыйных дэлегацыяў краінаў-удзельніцаў АБСЕ, у тым ліку і прадстаўнік Рэспублікі Беларусь.
Адразу пасля прэзентацыі Камітэт міжнароднага кантролю за сітуацыяў з правамі чалавека ў Беларусі правёў дыскусію на тэму «Сістэмны крызіс правоў чалавека ў Беларусі: выклік міжнароднай супольнасці». У яе часе былі абмеркаваныя магчымыя захады, якія АБСЕ і краіны-удзельніцы маглі б ужыць у адказ на сістэмны крызіс правоў чалавека ў Беларусі. Падчас абодвух мерапрыемстваў прысутныя мелі магчымасць падпісаць адмысловыя паштоўкі з віншаваннямі на адрас беларускага правааабронцы Алеся Бяляцкага, які цяпер знаходзіцца за кратамі.
Адзначым, нарада АБСЕ ў пытаннях чалавечага вымярэння — рэгулярны прадстаўнічы форум дзяржаваў-сябраў АБСЕ і еўрапейскай грамадзянскай супольнасці. Падчас канфэрэнцыі на працягу двух тыдняў аналізуецца стан выканання абавязальніцтваў, якія дзяржавы прынялі на сябе ў межах пагадненняў АБСЕ.
Каментароў пакуль няма