Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Парламенцкія выбары ў рэгіянальным зрэзе: Віцебшчына

У Віцебскай вобласці падчас кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання было ўтворана 14 выбарчых акругаў (№№17-30; Докшыцкая акруга №22 памяняла назву: падчас мінулых парламенцкіях выбараў яна называлася Глыбоцкай акругай №22). Непасрэдна ў Віцебску было 4 акругі (№№17,18,19,20).

Асаблівасць выбарчай кампаніі на Віцебшчыне

На выбары ў парламент пайшла досыць вялікая колькасць прадстаўнікоў мясцовай улады: старшыня Шаркоўшчынскага райвыканкаму Мечыслаў Морхат, старшыня Лепельскага райвыканкаму Пётр Шыкшнян, старшыня Аршанскага райвыканкаму Уладзімір Дзедушкін, Старшыня Полацкага гарсавету Натальля Гуйвік, старшыня Аршанскага гарсавету Людміла Дабрыніна. Усе яны прызнаныя пераможцамі на выбарах.

Інфармацыя аб выбарах у мясцовых дзяржаўных СМІ

Мясцовыя друкаваныя СМІ з самага пачатку праводзілі прыхаваную датэрміновую агітацыю за кандыдатаў – кіраўнікоў прадпрыемстваў  і прадстаўнікоў улады.  Асабліва часта такія прыклады сустракаліся ў рэгіянальным друку ( "Лепельскі край" (Лепель), "Новая газета" (Наваполацк), "Голас Сенненшчыны" (Сянно)).  

Паводле назіальніка ад БХК Анатоля Родзіка, з першых дзён выбарчай кампаніі абласныя газеты "Віцебскі рабочы", "Народнае слова" і гарадская газета "Віцьбічы" перыядычна згадвалі толькі асобных кандыдатаў – тых, каго людзі называюць "праўладнымі", і якія ўрэшце, усе без выключэння, і трапілі ў Парламент.

Кандыдаты – прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў і апазіцыйных партый у дзяржаўным друку не згадваліся ўвогуле.

Утварэнне акруговых выбарчых камісій

Было заяўлена 243 кандыдатуры на 162 вакантныя месцы ў 14-ці акруговых камісій вобласці. 61 чалавеку адмовілі.
У склад акруговых выбарчых камісій былі вылучаны прадстаўнікі ад партыі левых "Справядлівы свет" і Партыі БНФ, яшчэ двое прыхільнікаў Мікалая Статкевіча – шляхам збору подпісаў.
Трапілі двое прадстаўнікоў Партыі БНФ: Алена Сом ( Полацк ), Святлана Магучая (Віцебск).

Прадстаўнікі  Партыі левых "Справядлівы свет" былі ўключаныя ў камісіі чатырох акругаў: Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акругі (Андрэй Андрэеў),  Віцебскай-Кастрычніцкай выбарчай акругі №20 (Галіна Барэйка), Лепельскай выбарчай акругі №24 (Фёдар Кірэйкаў) і Аршанскай-Дняпроўскай выбарчай акругі №27 (Андрэй Баршчэўскі).   

Утварэнне ўчастковых выбарчых камісій

Ад Партыі БНФ  ва ўчастковыя камісіі Віцебску збіраліся трапіць 15 чалавек, адзін чалавек – у Гарадку. Ад партыі левых "Справядлівы свет" ва ўчастковыя камісіі мелі жаданне трапіць 42 чалавекі. 10 прадстаўнікоў АГП збіраліся трапіць ва ўчастковыя камісіі Оршы і Аршанскага раёну.

У выніку у Віцебску ніводнага апазіцыянера ва ўчастковыя камісіі не ўключылі ўвогуле. Ад партыі левых "Справядлівы свет" ва ўчастковыя камісіі трапілі:  у Бешанковіцкім раёне – 1 чалавек, у Полацку – 1 чалавек (з 4 вылучаных), у Воршы 7 чалавек ( з 16 вылучаных)  і ў Аршанскім раёне  6 чалавек (з 8 вылучаных).

Рэгістрацыя ініцыятыўных груп

У Віцебскай вобласці былі зарэгістраваны ўсе ініцыятыўныя групы апазіцыйных актывістаў, апрача 14 ініцыятыўных груп за вылучэнне Мікалая Статкевіча (прыхільнікі палітвязня спрабавалі зарэгістраваць ініцыятыўныя групы ў кожнай выбарчай акрузе Віцебшчыны).

Збор подпісаў

Збор подпісаў у Віцебскай вобласці  адбываўся з выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу. Было зафіксавана шэраг выпадкаў, у прыватнасці, у Полацку, калі на працоўных месцах і ў інтэрнатах рабочых прымушалі падпісвацца за вылучэнне старшыні гарсавету Натальлі Гуйвік; у Наваполацку  - за вылчэнне старшыні гарадской арганізацыі ГА "Белая Русь" Вадзіма Дзевятоўскага, у Сянно - за вылучэнне тады яшчэ дзейнага дэпутата парламенту Аляксандра Папкова, у Лепелі – за тамтэйшага старшыню райвыканкаму Пятра Шыкшняна.

Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты

Толькі трое прэтэндэнтаў на крэсла ў Палаце прадстаўнікоў зарэгістравана ў Полацку.

Не было праблем з рэгістрацыяй ў старшыні Полацкага гарадскога Савета дэпутатаў Наталлі Гуйвік, чые сабраныя подпісы былі падстрахаваны вылучэннем ад трох працоўных калектываў. Не знайшла акруговая камісія ніякіх парушэнняў і ў подпісах, сабраных групай Аляксея Міхальчанкі, вядучага АНТ. Прадстаўнік «Справядлівага свету» Аляксей Філімонаў зарэгістраваны па вылучэнні ад партыі, яго ініцыятыўная група не праводзіла збор подпісаў.

Пры праверцы падпісных лістоў, прадастаўленых Лідзіяй Сагідулінай («Гавары праўду») і Мікалаем Панкратам (вядомы полацкі калекцыянер), камісія выявіла недакладнасці, якія дазволілі прызнаць шэраг подпісаў несапраўднымі. У Мікалая Панкрата зафіксавана таксама недакладнасць у падачы дэкларацыі аб даходах, якая перавышае усталяваную для гэтай выбарчай кампаніі адзнаку ў 20%.

У  Віцебскай-Чыгуначнай акрузе №19  зарэгістравалі ўсіх чатырох ахвотных стаць кандыдатамі ў дэпутаты парламенту. Гэта намеснік начальніка Віцебскага аддзялення чыгункі Сяргей Бохан і тры партыйныя вылучэнцы: ад Партыі левых "Справядлівы сьвет" зарэгістравалі Вадзіма Кузьміна, ад Партыі БНФ - Канстанціна Смолікава і ад ЛДПБ -Дзмітрыя Шчаглова.

Па Віцебскай-Горкаўскай выбарчай акрузе №17 таксама балатаваліся ўсе чацвёра ахвотных, у тым ліку двое апазіцыйных актывістаў – Алена Фаміна, прыхільніца "Народнай Грамады" Мікалая Статкевіча, і Аляксандар Кузняцоў, сябра Партыі БНФ.

Выбарчая камісія Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акругі №18 зарэгістравала кандыдатам Аляксея Гаўруцікава з "Народнай Грамады" і актывіста кампаніі "Гавары праўду" Аляксандра Мікуліна.  Адмоўлена ў рэгістрацыі прадстаўніцы АГП Ірыне Яскевіч – камісія знайшла недакладнасці  ў дэкларацыі аб прыбытках і маёмасці.

Найбольш патэнцыйных кандыдатаў "адсеяла" выбарчая камісія Віцебскай-Кастрычніцкай выбарчай акругі №20. Тут зарэгістравалі толькі 4 прэтэндэнтаў з 7, у тым ліку трох партыйных вылучэнцаў: ад партыі левых "Справядлівы свет" - Аляксандара Вінаградава, Аляксандра Дзядзінкіна - ад КПБ, Андрэя Рэзнічэнку - ад АГП. Не зарэгістравалі актывіста кампаніі "Гавары праўду" Сяргея Парсюкевіча і Уладзіміра Правальскага, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў, а таксама Сяргея Рогалева, вылучэнца  ад ЛДПБ – у сувязі з несапраўднымі дадзенымі ў дэкларацыі пра прыбыткі і маёмасць.

 Выбарчая камісія Наваполацкай акругі №25 зарэгістравала кандыдатам у дэпутаты актывіста кампаніі "Гавары праўду" Яраслава Берніковіча. Аднаму з ягоных "канкурэнтаў", колішняму дэпутату гарсавета Аляксандру Сердзюку ў рэгістрацыі было адмоўлена.

Старшыню Гарадоцкай раённай суполкі Партыі БНФ Леаніда Аўтухова зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты па Віцебскай-Сельскай акрузе №21.

Па выніках паседжання акруговай камісіі Аршанскай гарадскога акругі № 26 пасведчанні кандыдатаў атрымалі старшыня Аршанскага гарадскога Савета дэпутатаў Людміла Дабрыніна (вылучана ад працоўнага калектыву і шляхам збору подпісаў), актывіст кампаніі "Гавары праўду" Канстанцін Анташкевіч (вылучаны шляхам збору подпісаў), а таксама вылучэнцы партыі "Справядлівы свет" Мікалай Петрушэнка і АГП Аляксей Ціханенка. Камісія адмовіла ў рэгістрацыі Аляксандру Клюеву, вылучанаму ад ЛДП. У яго выявілі значныя неадпаведнасці ў дэкларацыі аб даходах.

У Лепельскай акрузе № 23 кандыдатамі ў дэпутаты сталі старшыня Лепельскага райвыканкама Пётр Шыкшнян (вылучаны ад працоўных калектываў і зборам подпісаў), пенсіянер Хрыстафор Жаляпаў (вылучаны Партыяй БНФ) і прадпрымальнік Мікіта Мядзведскі (ад ЛДПБ). Сяргей Мяфодзеў, які падаў дакументы на рэгістрацыю,  вылучэнец Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці атрымаў адмову ў рэгістрацыі з-за парушэнняў дэкларацыі аб даходах. Ён не ўказаў аўтамабіль, які належыць яму, а таксама долі ў акцыянерных таварыствах.

Без страт абыйшлося ў Аршанскай Дняпроўскай акрузе № 27. Кандыдатамі зарэгістраваны старшыня Аршанскага райвыканкама Уладзімір Дзедушкін (ад працоўных калектываў і зборам подпісаў), кіраўнік Аршанскай гарадской арганізацыі партыі "Справядлівы свет" Мікалай Дзямідаў (ад партыі), прадстаўнікі ЛДПБ Ларыса Рэзаева і Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Наталля Лапіцкая. У апошняй выявілі некаторыя адхіленні ў дэкларацыі аб даходах, але падставай для адмовы ў рэгістрацыі гэта не стала.

Не здарылася адсеву і ў Сенненскай акрузе № 30. Тут пасведчанне кандыдата ў дэпутаты атрымалі дзеючы дэпутат Аляксандр Папкоў (ад працоўных калектываў і шляхам збору подпісаў) і вылучэнец ЛДПБ Дзмітрый Езафатаў.

Спробы аспрэчыць адмову ў рэгістрацыі

Дамагчыся рэгістрацыі ў якасці кандыдата па Шаркоўшчынскай выбарчай акрузе № 29 ўдалося толькі былому ўдзельніку прэзідэнцкіх выбараў Віктару Цярэшчанку.

І тое гэта здарылася ўжо пасля таго, як іншыя кандыдаты ўжо распачалі сваю агітацыйную кампанію. Віктар Цярэшчанка меў абмежаваны час для правядзення агітацыі.

Ні ЦВК, ні суд не задаволілі скаргі такіх віцебскіх апазіцыйных актывістаў, як актывістка кампаніі "Гавары праўду" Лідзія Сагідуліна, якой адмовіла ў рэгістрацыі камісія Полацкай выбарчай акругі №28, і Сяргей Парсюкевіч, які меў намер балатавацца па Віцебскай Кастрычніцкай акрузе №20. Было адмоўлена і яшчэ аднаму былому ўдзельніку мінулай прэзідэнцкай кампаніі Уладзіміру Правальскаму.

Агітацыя

Агітацыйная кампанія ў Віцебску праходзіла не дужа актыўна. Толькі два дэмакратычныя кандыдаты – Алена Фаміна і Аляксей Гаўруцікаў – правялі ў горадзе пікеты і сустрэчы з выбаршчыкамі. Абодва адзначаюць непрыдатнасць вызначаных раённымі адміністрацыямі месцаў для зносінаў з насельніцтвам, асабліва што тычыцца так званых дваравых агітпляцовак.

У Оршы агітавалі больш актыўна: пікеты ладзілі сябар партыі "Справядлівы свет" Мікалай Петрушэнка і актывіст кампаніі "Гавары праўду" Канстанцін Анташкевіч, ен таксама праводзіў і сустрэчы з выбаршчыкамі. Сябар партыі "Справядлівы свет" Мікалай Дзямідаў таксама праводзіў сустрэчы з выбаршчыкамі, прычым менавіта выбаршчыкі былі інісцыятарамі сустрэч – запрашалі кандыдата абмеркаваць праблемныя пытанні.

Пасля таго, як у Наваполацку  актывіст кампаніі "Гавары праўду" Яраслаў Берніковіч правёў агітацыйны пікет, заадно прыцягнуўшы ўвагу гараджан да праблем палітвязняў, да яго прыйшлі міліцыянты з патрабаваннем даць тлумачэнні. Актывіст адмовіўся ісці ў міліцыю без афіцыйнай позвы.

Тэле- і радыёвыступы кандыдатаў трансляваліся мясцовай тэлерадыёкампаніяй "Віцебск". Дырэктар А.Камовіч пагражаў зняць з эфіру тэлевыступ кандыдата Аляксея Гаўруцікава, які некалькі разоў дэманстраваў партрэт палітвязня Мікалая Статкевіча. Але далей пагрозаў справа не пайшла.

Быў зняты з эфіру тэлевыступ кандыдата ад АГП Андрэя Рэзьнічэнкі – за агучаную назву партыйнай кампаніі "За справядлівыя выбары без Лукашэнкі". Па той самай прычыне ў газеце "Віцьбічы" адмовіліся ў першапачатковым выглядзе ўзяць у друк ягоную праграму. Праграма выйшла ў газеце толькі пасля "цэнзуравання". 

Тэле- і радыё дэбаты адбыліся з удзелам прадстаўнікоў 8-мі выбарчых акругаў вобласці. Пасля адпаведнага распараджэння ЦВК быў зняты з эфіру запіс тэледэбатаў з удзелам старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, які быў даверанай асобай кандыдата Аляксандра Кузняцова. Праграма была запісана на дзень раней да таго, як выйшла  распараджэнне ЦВК наконт таго, што ў дэбатах не могуць браць удзел давераныя асобы, якія самі з'яўляюцца кандыдатамі.

Кандыдат па Наваполацкай выбарчай акрузе №25 Вадзім Дзевятоўскі без папярэджання не з'явіўся на радыёдыбаты, чым сарваў запіс праграмы з удзелам  свайго суперніка, актывіста кампаніі "Гавары праўду" Яраслава Берніковіча.

Віцебская друкарня на тры дні пратэрмінавала выданне агітацыйных улётак Аляксея Гаўруцікава і Алены Фаміной, тады як агітацыйныя ўлёткі ў падтрымку некаторых праўладных кандыдатаў з'явіліся яшчэ ў першыя дні агітацыйнай кампаніі.

8 верасня, у час агітацыйнай кампаніі, невядомыя падпалілі машыну аршанскага кандыдата ад АГП А.Ціханенкава. Ідзе міліцэйскае разбіральніцтва.

Тым часам дзяржаўныя СМІ, не згадваючы прозвішчаў кандыдатаў – апазіцыйных актывістаў, друкавалі агітацыйныя артыкулы пра праўладных кандыдатаў Аляксандра Папкова ("Голас Сенненшчыны"), Вадзіма Дзевятоўскага ("Новая газета"), Улдзіміра Андрэйчанку ("Родныя вытокі") і інш.

Агітацыя за байкот выбараў

Пасля з'яўлення на незалежным сайце www.westki.info артыкула пра верагоднасць арганізаваць байкот выбараў у Докшыцкай выбарчай акрузе ў пракуратуру Г.Глыбокае былі выкліканы на прафілактычную гутарку журналіст Кастусь Шыталь і аўтар ідэі кандыдат у дэпутаты Яраслаў Берніковіч.

Падчас агітацыйнай кампаніі ў Віцебску прайшлі шэраг акцый за байкот выбараў. За выхад у цэнтр горада з плакатам "Нелегітымным выбарам у нелегітымную палатку – байкот" быў аштрафаваны апазіцыянер Барыс Хамайда.

Актывіст БХД Яўген Гуцалаў быў таксама аштрафаваны за распаўсюд улётак з заклікам да байкоту, а пазней асуджаны на 7 сутак за акцыю, таксама прысвечаную байкоту парламенцкіх выбараў.

Сябры КХП БНФ падалі каля двух дзесяткаў заявак на пікеты, каб выкласці землякам сваю пазіцыю пра байкот выбараў, але ніводнай заяўкі на было задаволена. Актывіст Пётр Сарапеня спрабаваў судзіцца з раённай адміністрацыяй за права правесці такі пікет, але суд адмовіў яму ў задавальненні скаргі.

Датэрміновае галасаванне

Падчас датэрміновага галасавання ў Віцебску, Оршы, Полацку і Наваполацку былі зафіксаваныя выпадкі прымусовага галасавання, у прыватнасці, на ўчастках, дзе галасавалі студэнты. У выніку, яшчэ да 23 верасня ў Віцебску было некалькі ўчасткаў, дзе выбары фактычна адбыліся – там прагаласавала больш за 50% выбаршчыкаў, прыпісаных да ўчастка.

На этапе датэрміновага галасавання высветлілася, што ўчастковая камісія ў Віцебскай Кастрычніцкай выбарчай акрузе ўлічыла ў спісы выбаршчыкаў жыхароў двух дамоў, знесеных паўтара гады таму. Затое ў Віцебскай Чкалаўскай акрузе наадварот – не ўлічыла два дзевяціпавярховыя дамы, пабудаваныя і заселеныя больш як год таму. Абедзьве памылкі былі выпраўлены пасля скаргаў у ЦВК кандыдата Аляксея Гаўруцікава і праваабаронцы Паўла Левінава.

Многія ўчастковыя камісіі аказаліся не гатовыя дзейнічаць у сітуацыі, калі кандыдаты добраахвотна здымаюцца з выбараў. Так, на некаторых участках у Оршы ўвесь першы дзень датэрміновага галасавання раздаваліся бюлетэні з невыкрэсленым прозвішчам кандыдата ад АГП А.Ціханенкава.

Дзень выбараў

У дзень выбараў назіральнікі і праваабаронцы Віцебшчыны фіксавалі нізкую яўку выбаршчыкаў. Да 18 гадзін  яўка выбаршчыкаў не перавышала 35-40% на большасці выбарчых участкаў. На асобных участках кіраўнікі выбарчых камісій не прадастаўлялі назіральнікам звесткі аб колькасці прагаласаваўшых, агульнай колькасці выбаршчыкаў на ўчастку і г.д.

Пасля складання скаргаў  назіральнікам выносілі папярэджанні і выдалялі іх з участкаў для галасавання. У іх лік трапілі актывіст руху "За Свабоду " Леанід Гаравы з Гарадка (быў выдалены яшчэ на этапе датэрміновага галасавання), сябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў з Віцебска (выдалены ў апошні дзень датэрміновага галасавання і не зарэгістраваны паўторна ў дзень выбараў), папярэджпнне было абвешчана жыхару Віцебска Вадзіму Кузьміну (пасля фіксавання прымусовай яўкі студэнтаў яму нават прыгразілі, што "адна з гэтых дзяўчат можа напісаць заяву пра згвалтаванне").

Назіральніка пры Віцебскай Кастрычніцкай акруговай камісіі Анатоля Родзіка не дапусцілі на працэс перадачы пратаколаў участковых камісій у акруговую. Калі ён пачаў пратэставаць, старшыня камісіі Мікалай Канявалаў ў спіну выштурхаў актывіста з пакоя. Калі пра гэты выпадак напісалі незалежныя медыі, спадар Канявалаў стаў пагражаць Анатолю Родзіку зваротам у суд нібыта за паклёп.

На тых участках, дзе былі назіральнікі, яўка зафіксаваная не такая высокая, як на іншых. Аднак у агульным плане Віцебшчына выйшла на 1-е месца па Беларусі – тут , паводле афіцыйнай папярэдняй  інфармацыі, працэнт яўкі быў самы высокі – 80, 7%.

Высновы

У паламент не трапіў не толькі ніводзін кандыдат-апазіцыянер з Віцебшчыны – ад гэтай вобласці ўсе 14 прадстаўнікоў аказаліся ўвогуле беспартыйнымі. "Прайшлі" у парламент усе тыя асобы, прозвішчы якіх пастянна паўтараліся ў дзяржаўным друку.

На думку мясцовых назіральнікаў- апазіцыйных актывістаў, а таксама праваабаронцаў, сёлетнюю парламенцкую кампанію нельга назваць справядлівай, а самі выбары не былі празрыстыя. Пра гэта сведчаць выпадкі незаконнай датэрміновай агітацыі, неўключэнне актывістаў у выбарчыя камісіі рознага ўзроўню, выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу і ціск на назіральнікаў.

Доказам таго, што на выбарах маглі дапускацца фальсіфікацыі, можна лічыць якасна розны ўзровень яўкі на выбарчыя ўчасткі Віцебскай вобласці: самы нізкі – 62% - зафіксаваны ў Полацкай гарадской акрузе, самы высокі – 88, 3% - у Сенненскай выбарчай акрузе.

Пасля выбараў праваабаронцы і актывісты даслалі ў ЦВК некалькі заяваў пра парушэнні з просьбай прызнаць выбары несапраўднымі на асобных участках у Віцебску, Оршы, Гарадку. Іхная аргументацыя была пакінута без увагі, а просьбы не былі задаволеныя.   

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма