Баранавічы: ЦВК не хоча разглядаць скаргу назіральніка Сяргея Гоўшы
27 верасня праваабаронца Сяргей Гоўша атрымаў адказ на сваю пісьмовую заяву з ЦВК за подпісам Лідзіі Ярмошынай, дзе паведамляецца, што пытанні, якія ўзняў назіральнік, выходзяць за рамкі паўнамоцтваў ЦВК.
Раней мы паведамлялі, што Сяргей Гоўша зафіксаваў прымусовае галасаванне студэнтаў на выбарчым участку № 24 (гімназія № 4). Назіральнік высвятліў, што адміністрацыя Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта мэтанакіравана, запалохваючы студэнтаў высяленнем з інтэрнатаў, пазбаўленнем стыпендыі і г.д., прымушала іх абавязкова прагаласаваць датэрмінова.
У сваёй заяве ў ЦВК Сяргей Гоўша даводзіў, што па інфармацыі незалежных назіральнікаў, яшчэ да абеду 21 верасня на выбарчым участку № 21 (4-я гімназія) прагаласавала 40,3% ад спісачнага складу выбаршчыкаў.
Аб прымусовым галасаванні, паведамляў Сяргей Гоўша ЦВК, заявілі студэнты 4-га курса педагагічнага і інжынернага факультэтаў. Загады яны атрымалі ад куратараў сваіх групаў: Наталлі Майсеенка і Ганны Верамейка адпаведна.
Назіральнік прасіў ЦВК правесці праверку па выкладзеных фактах і прыняць адпаведныя меры да парушальнікаў Канстытуцыі і Выбарчага кодэкса РБ.
Аднак ЦВК ухілілася ад разгляду заявы Сяргея Гоўшы па сутнасці. Заява перанакіраваная ў Генеральную пракуратуру.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма