Парламенцкія выбары ў рэгіянальным зрэзе: Брэстчына
Агульная інфармацыя
Падчас кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання ў Брэсцкай вобласці было ўтворана 16 выбарчых акругаў (№№1-16). Непасрэдна ў Брэсце такіх акругаў было чатыры (№№1-4).
Сітуацыя напярэдадні выбараў
Яшчэ да моманту афіцыйнага абвяшчэння даты выбараў некаторыя палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні паведамілі пра сваё стаўленне да гэтай кампаніі і магчымы фармат удзелу ў ёй. Так, кіраўніцтва Аб’яднанай грамадзянскай партыі прэзентавала ў Брэсце праграму “За сумленныя выбары без Лукашэнкі”, а мясцовыя актывісты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) праводзілі акцыю “Задай пытанне дэпутату!”, каб высветліць, якім чынам раней абраныя парламентарыі ад Брэсцкага рэгіёна выканалі свае перадвыбарчыя абяцанні.
Таксама ў Брэсце адбылася сустрэча прадстаўнікоў Рады беларускай інтэлігенцыі з мясцовымі грамадскімі актывістамі і шэраговымі сябрамі партый, на якой быў прыняты зварот, які заклікаў да байкоту праламенцкіх выбараў. Аналагічную пазіцыю займала і створаная ў Брэсце дэмакратычная кааліцыя “Спадчына”.
Інфармацыя аб выбарах у мясцовых дзяржаўных СМІ
Пра пачатак выбарчай кампаніі дзяржаўныя выданні, што друкуюцца у Брэсцкай вобласці, праінфармавалі з вялікім спазненнем, скарыстаўшыся афіцыйным паведамленнем агенцтва БЕЛТА. На інтэрнэт-старонках раённых газет сітуацыя была яшчэ горшая: на пачатак ліпеня толькі адзіная “раёнка” (ганцавіцкае выданне “Савецкае Палессе”) змясціла на сваім сайце актуальную інфармацыю пра маючыя адбыцца выбары ў беларускі парламент і паведамленне пра зацверджаныя межы выбарчых акругаў. Гэтая газета, а таксама “Навіны Камянеччыны” і “Заря над Бугом” (Брэст), змясцілі паведамленне БЕЛТА пад загалоўкам “Парламенцкія выбары – экзамен для дзеючай ўлады”. Астатнія выданні (а ў Брэсцкай вобласці 16 раённых выданняў) тэму выбараў на сваіх сайтах не закраналі ўвогуле.
Першы ўласны аналітычны матэрыял наконт выбарчай кампаніі ў абласной газеце “Заря” меў назву “Байкот… байкоту”, дзе аўтар публікацыі робіць выснову, што вырашаць колькі прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных партый трапяць у новы склад беларускага парламенту будуць не выбаршчыкі, а … сама апазіцыя.
У той жа час у выпусках навін тэлерадыёкампаніі “Брэст” з’яўвіліся інфармацыйныя сюжэты пра дзейнасць цяперашніх дэпутатаў ад рэгіёна, што можна ўспрымаць як датэрміновую агітацыю, бо некаторыя парламентарыі заявілі пра намер зноў вылучыць сваю кандыдатуру на гэтых выбарах.
З пачатку збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дзяржаўных газетах пачалі друкавацца артыкулы і інтэрв’ю, прысвечаныя патэнцыйным прэтэндэнтам на дэпутацкі мандат, хаця агітацыйная кампанія яшчэ не стартавала. Менавіта гэтыя кандыдаты, як высветлілася пазней (пасля падсумаваня вынікаў выбараў), і былі абраныя ў парламент. Калі ж прайшла рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты, многія дзяржаўныя выданні (асабліва гэта тычыцца “раёнак”) фактычна ўзгадвалі толькі праўладных вылучэнцаў. Іх апаненты і маглі разлічваць хіба што на публікацыю сваіх перадвыбарчых праграм.
Што тычыцца тэлевізійных зваротаў кандыдатаў у дэпутаты да выбаршчыкаў, дык тут не абыйшлося без цэнзуры: прадстаўніцы АГП Дыяне Касцюковіч, зарэгістраванай па Брэсцкай-Усходняй акрузе №3, падчас запісу забаранілі выкарыстоўваць словы “пікет”, “байкот” і “Лукашэнка”, што былі ў падрыхтаваным тэксце. Ні Цэнтрвыбаркам, ні абласная пракуратура не знайшлі парушэнняў у дзееяннях супрацоўнікаў тэлерадыёкампаніі “Брэст”. Дарэчы выступ яшчэ аднаго кандыдата ад АГП Анжалікі Камбалавай, якая вылучалася ў Баранавічах, увогуле не трапіў у эфір ТРК “Брэст”. Калі казаць пра тэледэбаты, дык яны адбыліся ў палове з 16-ці выбарчых акругаў, створаных у брэсцкім рэгіёне.
Утварэнне выбарчых камісій
На пачатку працэдуры вылучэння прадстаўнікоў у мясцовыя выбаркамы абласныя структуры апазіцыйных палітычных партый і шэраг дэмакратычных грамадскіх аб'яднанняў стварылі ў Брэсце савет кампаніі “За справядлівыя выбары”. Заснавальнікі гэтай структуры абвесцілі, што маюць намер вылучыць не менш за 100 прадстаўнікоў кампаніі ў выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў, а таксама не менш за 400 назіральнікаў за выбарамі.
Што тычыцца акруговых камісій, дык ад прадстаўнікоў апазіцыйных партый рэгіёна былі вылучаны 32 асобы. Найбольшая колькасць вылучэнцаў належыла да Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” - 13 чалавек, з якіх чатыры вылучаныя ў абласным цэнтры. Па восемь сваіх сябраў вылучылі мясцовыя суполкі Партыі БНФ (з іх 2 – у Брэсце) і Аб'яднанай грамадзянскай партыі (5 – у Брэсце), а тры актывіста прадстаўляюць Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада), з якіх два вылучаюцца ў горадзе над Бугам. У выніку ў тры акруговыя выбарчыя камісіі, што былі створаныя на тэрыторыі вобласці, прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных партый не трапілі.
Падчас гэтых выбараў на Брэстчыне было сфармавана 979 участковых камісій, у склад якіх увайшлі 9650 чалавек. Найбольшае прадстаўніцтва ва ўчастковых выбаркамах мелі вылучэнцы ад грамадскіх аб'яднанняў (3999 чалавек). У прыватнасці, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі дэлегавала 1481 асобу, БРСМ - 585, Беларускі саюз жанчын - 568, ГА “Белая Русь” - 548. Яшчэ 3929 чалавек былі ўключаны пасля таго, як падалі адпаведныя заявы. Колькасць партыйных вылучэнцаў ва ўчастковых камісіях складала 126 чалавек (менш за 1,5%). 50 чалавек з гэтага спісу з’яўляліся сябрамі Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ), яшчэ 41 чалавек быў прадстаўлены як сябра Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці. Ад апазіцыйных партый уключаны прадстаўнікі Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” (20 чалавек), Партыі БНФ (9), Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) (4), Аб'яднанай грамадзянскай партыі (2).
Назіральнікі адзначаюць, што працэдура фармавання выбарчых камісій не была адкрытай і галоснай. У прыватнасці, назіральніку Уладзіміру Вялічкіну было адмоўлена ў магчымасці азнаёміцца з матэрыяламі вылучэння сябраў участковых выбаркамаў, бо нібыта ў гэтых матэрыялах ёсць звесткі, што маюць канфідэнцыйны характар.
Рэгістрацыя ініцыятыўных груп
У Брэсцкай вобласці было зарэгістравана 44 ініцыятыўныя групы па збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты. Агулам у 16 выбарчых акруговых камісій было пададзена 48 заяў аб стварэнні падобных груп, а чатыры адмовы тычыліся збору подпісаў за вылучэнне Мікалая Статкевіча у чатырох акругах абласнога цэнтру. Найбольшая колькасць груп, якія збіралі подпісы, была зарэгістравана ў Брэсцкай-Заходняй выбарчай акрузе №1 - пяць, найменшая колькасць (па адной) - ў Баранавіцкай сельскай і Белавежскай выбарчых акругах.
Збор подпісаў
Рашэннем Брэсцкага гарвыканкама ў спіс месцаў, забароненых для правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты трапілі амаль увесь цэнтр горада і асноўныя вуліцы. Прадстаўнікі трох палітычных партый (АГП, БСДП (Г), “Справядлівы свет”) накіравалі ў аблвыканкам зварот, у якім выказалі просьбу да мясцовых ўладаў перагледзіць гэты спіс. У выніку гарвыканкаму спатрэбілася амаль два тыдні, каб прызнаць слушнасць некаторых заўвагаў і новым рашэннем з раней складзенага спісу былі выкрэслены 4 пункты, якія тычыліся забароны збору подпісаў на бульвары Касманаўтаў, бульвары Шаўчэнкі, вуліцы Міцкевіча і скверы імя Іконнікава.
Збор подпісаў у Брэсце за кандыдатаў, якіх падтрымлівалі мясцовыя улады, адбываўся з выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу. Было зафіксавана шэраг выпадкаў, калі подпісы збіраліся ў працоўны час ва ўстановах аховы здароўя, навучальных установах, прадпрыемствах ЖКГ, падатковых інспекцыях. Пададзеныя на гэты конт у акруговыя выбаркамы скаргі камісіямі былі праігнараваныя. У сваю чаргу, за распаўсюд звестак пра выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу падчас збору подпісаў дырэктар Брэсцкага ЦУМа і кандыдат у дэпутаты Віктар Валюшыцкі таксама падаў скаргу на свайго канкурэнта ў Брэсцкай-Заходняй акрузе №1 – старшыню мясцовай суполкі БСДП (Грамада) Ганну Канюс. У выніку акруговая камісія вынесла Канюс папярэджанне, якое пазней было ануляванае Цэнтрвыбаркамам.
Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты
У Брэсцкай вобласці на 16 акругаў было вылучана 68 прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат. Найбольшую колькасць вылучэнцаў можна было назіраць у Брэсцкай-Заходняй акрузе №1, дзе пажадалі балатавацца сем чалавек. У Брэсцкай-Усходняй акрузе №3 і Брэсцкай-Пагранічнай акрузе №4 дакументы падалі па шэсць чалавек, у Баранавіцкай-Усходняй акрузе №6 і Івацэвіцкай акрузе №11 - па пяць. Што да партыйнай прыналежнасці вылучаных асобаў, дык сябрамі палітычных партый з'яўляліся болей за палову прэтэндэнтаў - 36 чалавек. Пры гэтым найбольшую актыўнасць праявіла Ліберальна-дэмакратычная партыя (ЛДП), якая вылучыла 10 асобаў, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці - 7, Партыя БНФ - 6, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) - 5, Аб'яднаная грамадзянская партыя (АГП) і Беларуская партыя левых “Справядлівы свет” - па 4. Шляхам збору подпісаў вылучыліся 30 чалавек, з якіх 16 асобаў выкарысталі і іншыя шляхі для вылучэння – ад працоўных калектываў альбо ад палітычных партый. Зноў трапіць у беларускі парламент пажадалі чатыры дзеючыя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
Але этап рэгістрацыі прайшлі не ўсе вылучэнцы. Найбольш скарацілася колькасць прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат у Брэсцкай-Заходняй выбарчай акрузе №1, дзе з сямі чалавек, што падалі дакументы, акруговы выбаркам адмовіў тром асобам: дырэктару Брэсцкай СПМК Сяргею Вярэнічу (вылучала Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці), былому лідэру БСДП (Грамада) Анатолю Ляўковічу, які збіраў подпісы грамадзян за сваё вылучэнне, а таксама кіраўніку гарадской суполкі Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Людміле Дзенісенка. Пазней Цэнтрвыбаркам задаволіў скаргу Дзенісенкі і зарэгістраваў яе кандыдатам. Сярод тых, каго не зарэгістравалі ў абласным цэнтры, быў вылучэнец БСДП (Грамада) Міхаіл Кавальчук (Брэсцкая–Усходняя акруга №3), а Фёдар Петрусевіч (Брэсцкая-Памежная акруга №4), што збіраў подпісы, самастойна адмовіўся ад працягу барацьбы за дэпутацкі мандат.
Агітацыя
Паводле рашэння Брэсцкага гарвыканкама, ў Ленінскім раёне абласнога цэнтра было вызначана шэсць пляцовак, дзе кандыдаты ў дэпутаты ў паведамляльным парадку маглі ладзіць масавыя мерапрыемствы на адкрытым паветры. У Маскоўскім раёне, які значна большы па сваіх памерах, гарадскія ўлады дазволілі праводзіць аналагічныя акцыі толькі на дзевяці пляцоўках. Адначасова гарвыканкам зацвердзіў пералік памяшканняў для правядзення сустрэч кандыдатаў у дэпутаты, іх давераных асоб з выбаршчыкамі, а таксама для перадвыбарчых сходаў, якія арганізуюцца выбаршчыкамі.
Брэсцкія прадстаўнікі апазіцыйных партый выказалі незадаволеннасць рашэннем гарвыканкаму, бо, на іх думку, ўлады абралі месцы, малапрыгодныя для агітацыі. Так, сярод вызначаных тэрыторый пераважалі пляцоўкі ў парках, на стадыёнах і нават на стрэльбішчы. Аднак скаргі на гэтае рашэнне ў аблвыканкам і Цэнтральную выбарчую камісію (у прыватнасці, іх падаваў кандыдат у дэпутаты Ігар Маслоўскі) плёну недалі.
Яшчэ адной адметнасцю агітацыйнага этапа было тое, што не ўсе кандыдаты ў дэпутаты жадалі, каб інфармацыя пра іх даходы была даведзеная да выбаршчыкаў. Так, Брэсцкая-Заходняя выбарчая акруга №1 засталася адзінай у горадзе, дзе на ўчастках для галасавання ў інфармацыйных плакатах, прысвечаных кандыдатам, не было звестак пра іх даходы. Прэтэндэнт на дэпутацкі мандат па згаданай акрузе Аляксандр Мельнік прыйшоў да высновы, што гэта было зроблена акруговым выбаркамам наўмысна, бо аднаму з прэтэндэнтаў, якога падтрымліваюць улады (гаворка ідзе пра дырэктара Брэсцкага ЦУМа Віктара Валюшыцкага), зусім не хацелася агалошваць перад выбаршчыкамі памер свайго заробка. У адказе на скаргу Мельніка Цэнтрвыбаркам “рэкамендаваў”, каб такія звесткі на плакатах з’явіліся, але рэкамендацыю не выканалі.
Увогуле да пачатку датэрміновага галасавання ў Брэсце з’яўляліся галоўным чынам улёткі і інфармацыйныя матэрыялы прадстаўнікоў апазіцыйных партый і незалежных кандыдатаў, а вылучэнцы, якіх падтрымлівалі мясцовыя ўлады, распаўсюджвалі агітацыйную прадукцыю ў апошнія дні напярэдадні даты выбараў. Пры гэтым “непажаданыя” кандыдаты адчувалі перашкоды падчас агітацыі, калі ўладальнікі некаторых гандлёвых аб’ектаў адмовіліся размяшчаць у сваіх крамах перадвыбарчыя плакаты. У прыватнасці, з гэтым сутыкнулася кандыдат ў дэпутаты па Брэсцкай-Заходняй выбарчай акрузе №1 Ганна Канюс, якой не дазволілі вывешваць плакаты ў крамах, якія належаць прадпрыемству “Санта Імпэкс”.
Датэрміновае галасаванне
Большасць незалежных кандыдатаў і прадстаўнікоў апазіцыі, якія працягвалі ўдзел у выбарчай кампаніі і не далучыліся да байкоту, адмыслова заклікалі выбаршчыкаў браць удзел у галасаванні непасрэдна 23 верасня. Аднак на шмат якіх участках былі зафіксаваны выпадкі, калі з дапамогай адміністрацыйнага рэсурсу забяспечвалася высокая яўка падчас датэрміновага галасавання. Красамоўным прыкладам можна лічыць сітуацыю на выбарчым участку №32 Брэсцкай-Усходняй акругі №3, які знаходзіўся побач з інтэрнатамі мясцовага дзяржаўнага тэхнічнага універсітэта. Толькі на працягу 19 верасня на згаданым участку назіральнікі зафіксавалі, што ўдзел у галасаванні прыняў 431 выбаршчык (амаль усе, хто прыходзіў у гэты дзень на ўчастак для галасавання, з’яўляліся студэнтамі БДТУ). Таксама вельмі актыўна датэрміновае галасаванне адбывалася на іншых участках, да якіх былі прыпісаныя навучальныя ўстановы і студэнцкія інтэрнаты.
Назіральнікі таксама адзначалі, што на выбарчых участках амаль немагчыма было атрымаць звесткі ад сябраў камісій пра колькасць выбаршчыкаў, якія ўключаныя ў спісы для галасавання.
Дзень выбараў
Непасрэдна 23 верасня з участкаў для галасавання прыходзіла інфармацыя пра нізкую яўку выбаршчыкаў. Адначасова з’явіліся звесткі, што спісы для галасавання складаліся неахайна. Так, назіральнікі, што сачылі за хадой выбараў на участку №11 Брэсцкай-Усходняй акругі №3, даведаліся пра выпадак, калі ў спіс для галасавання была ўключана жанчына, якая памерла яшчэ восем гадоў таму. Мужчына стала веку быў вельмі абураны тым, што жонка, якую ён пахаваў, дагэтуль лічыцца выбаршчыкам на гэтай акрузе. Назіральнікі не выключаюць, што падобных выпадкаў шмат і такім чынам выбарчыя камісіі змаглі маніпуляваць яўкай выбаршчыкаў на участкі для галасавання.
У якасці слушнасці такой версіі прыводзіліся лічбы на участку №31 Брэсцкай-Заходняй акругі №1, з якіх вынікала, што тут невядома калі прагаласавала амаль паўтысячы выбаршчыкаў. Па меркаванню назіральнікаў, якія ўсе дні галасавання адсочвалі выбарчы працэс, афіцыйныя дадзеныя участковай выбарчай камісіі па колькасці людзей, якія прыйшлі галасаваць, завышаныя ў параўнанні з падлікамі незалежных назіральнікаў на 467 асобаў. Гэта дазволіла прызнаць выбары адбыўшыміся, аднак назіральніца Валянціна Шорах заявіла, што, па яе звестках, на гэтым участку прагаласавала менш за 50% выбаршчыкаў, уключаных у спіс для галасавання.
Парушэнні выбарчага заканадаўства фіксаваліся і падчас падліку галасоў. Кандыдат у дэпутаты па Брэсцкай Заходняй акрузе №1 Аляксандр Мельнік накіраваў скаргу ў акруговую камісію, у якой прапанаваў прызнаць несапраўднымі вынікі выбараў, што адбыліся на выбарчым участку, які знаходзіўся у гарадскім шпіталі №1. У сваім звароце Мельнік распавёў, што яго асабіста не дапусцілі на падлік галасоў на гэтым участку, а сам працэс падліку бюлетэняў раптоўна спынілі і перанеслі ў кабінет галоўнага лекара.
Высновы
Паводле афіцыйных звестак, выбары ва ўсіх 16-ці акругах былі прызнаныя сапраўднымі і паўсюль былі абраныя дэпутаты яшчэ ў першым туры. Ніхто з прадстаўнікоў апазіцыі ў беларускі парламент не трапіў. Нягледзячы на заўважаную нізкую актыўнасць выбаршчыкаў, было абвешчана, што яўка усярэднім па брэсцкаму рэгіёну склала 74,2%, а ў Баранавіцкай сельскай акрузе №7 нават дасягнула паказчыка ў 90%.
На гэты час вядома, што старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі БСДП (Грамада) Ігар Маслоўскі, які балатаваўся па Брэсцкай-Цэнтральнай выбарчай акрузе №2, дамагаецца прызнаць вынікі выбараў на сваёй акрузе несапраўднымі. Кандыдат у дэпутаты, у прыватнасці, адзначае, што межы акругі былі раптоўна зменены ўжо падчас выбарчай кампаніі, а разам з імі былі зменены участкі для галасавання. Маслоўскі таксама ўзгадвае, што ні на адным выбарчым участку не была задаволена прапанаваная назіральнікамі працэдура падліку галасоў, каб кожны сябра камісіі і назіральнікі маглі бачыць вынікі галасавання ў кожным бюлетэні. На шэрагу ўчасткаў да рэальнага назірання за падлікам галасоў назіральнікі наогул не былі дапушчаныя, бо знаходзіліся на адлегласці трох-пяці метраў ад стала, дзе лічылі бюлетэні.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
"Паводле рашэння Брэсцкага гарвыканкама, ў Ленінскім раёне абласнога цэнтра было вызначана шэсць пляцовак, дзе кандыдаты ў дэпутаты ў паведамляльным парадку маглі ладзіць масавыя мерапрыемствы на адкрытым паветры. У Маскоўскім раёне, які значна большы па сваіх памерах, гарадскія ўлады дазволілі праводзіць аналагічныя акцыі толькі на дзевяці пляцоўках."
Мабыць, лічбы пераблыталі?