“Маладзечанская газета” акрэсліла выбары як “агульны поспех”
Галоўнае мясцовае выданне толькі на завяршаючым этапе ўбачыла выбарчую кампанію.
У шматлікіх апошніх публікацыях, прысвечаных працэсу галасавання і вынікам выбараў, раёнка старалася падкрэсліць сумленнасць прадстаўнікоў камісій, паказаць вялікі адсотак датэрміновага галасавання як вялікае дасягненне, адзначыць значную ролю праўладных грамадскіх арганізацый і ўзгадаць ў зняважлівым тоне незалежнага назіральніка. Складаецца ўражанне, што ўсе тэмы былі рэакцыяй на інфармацыю незалежных СМІ аб адпаведных выбарчых праблемах і парушэннях.
Агульны настрой публікацыяў лёгка адгадваецца ўжо па загалоўках: “Без падказак і прымусу”, “Выпрабаванне выбарамі”, “Высокі давер”, “Агульны поспех”.
“Агульны поспех” – гэта назва зваротаў да маладэчанцаў выбраных дэпутатаў. Абодва дэпутата выказалі ўдзячнасць не толькі выбаршчыкам, але і прадстаўнікам камісій, якія “добрасумленна і якасна выконвалі свае абавязкі”. Са слоў падзякі дэпутата Кулеша яшчэ вынікае, што нейкім чынам у выбарах дапамагаў яму і райвыканкам.
Аднаму з самых актыўных ўдзельнікаў выбарчых кампаній у Маладэчне – назіральніку ад БХК Эдуарду Баланчуку – газета прысвяціла цэлы абзац у артыкуле “Без падказак і прымусу”. Гэты матэрыял наогул распавядаў пра ўзнёслыя уражанні ад арганізацыі выбараў у рэгіёне расійскай дэпутаткі Святланы Максімавай, назіральніцы ад СНД. Пра Эдуарда Баланчука ўзгадалі ў зняважлівым тоне. “Ён з тых людзей, якія жадаюць бачыць у Выбарчым кодэксе тое, што ім хочацца, а не тое, што там зафіксавана,” – адрэагавала на заўвагі назіральніка Максімава.
Пры гэтым самому Эдуарду на старонках газеты слова ніхто не даў. Затое прыведзены “правільныя” ацэнкі выбараў з боку іншых (“правільных”) назіральнікаў – ад працоўных калектываў ці “Белай Русі”.
У паведамленнях пра галасаванне на некаторых выбарчых участках аўтары падкрэсліваюць, што “датэрміновае галасаванне – вельмі дарэчы”, а вялікі адсотак датэрмінова прагаласаваўшых на адным з участкаў адзначаны асабліва, быццам вялікае дасягненне.
Наогул пасля азнаямлення з газетнымі публікацыямі можна падумаць, што да выбараў маладэчанцы ставяцца як да вялікага свята і дадаткова выкарыстоўваюць іх як магчымасць атрымаць задавальненне ад мастакай самадзейнасці і зрабіць танныя пакупкі.
“Някіх заўваг” – гэтым найчасцей выкарыстоўваемым выразам можна акрэсліць усе выбарчыя матэрыялы ў афіцыйнай прэсе.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма