Парламенцкія выбары ў рэгіянальным зрэзе: Маладэчна
Напачатку выбарчай кампаніі ў Маладэчне можна было падумаць, што яна будзе даволі цікавай і адметнай: балатавацца тут, на абодвух акругах, збіралася сямёра чалавек, у тым ліку два прадстаўнікі апазіцыйных партый – БНФ і АГП. Але ўрэшце на момант выбараў у бюлетэнях засталіся толькі па два прозвішчы.
І тое – відавочна, што канкурэнты “галоўных” кандыдатаў былі штучнымі: на адной акрузе вядомай мясцовай журналістцы супрацьстаяў камуніст (КПБ) з Мінску, на другой – канкурэнтам дырэктара прадпрыемства была доктарка, якая пасля яе рэгістрацыі абсалютна нічога не рабіла.
Тое, што сапраўдных кампаній ніхто ладзіць не збіраецца, стала зразумела ўжо на этапе збору подпісаў: ніводнага пікету не было агранізавана. Нічога не было таксама чуваць ні пра падпісванне на прадпрыемствах, ні пра абыход кватэраў. Тым не менш два кандыдаты – Лазоўская і Кулеш – сабралі неабходную колькасць подпісаў. Прадстаўнік АГП Сяргей Балыкін выбыў з перадвыбарчай гонкі, бо подпісаў не назбіраў.
Такім чынам, па Маладэчанскай сельскай акрузе былі зарэгістраваныя: Станіслаў Кулеш, дырэктар ААТ “Беразінскае”– вылучаны працоўным калектывам і зборам подпісаў, і вылучаная “чужым” працоўным калектывам намесніца галоўнага ўрача райбальніцы Таццяна Шамодзі. Прадстаўніку ЛДПБ з Мінска ў рэгістрацыі адмовілі з-за праблемаў з падаткавай дэкларацыяй. Па Маладэчанскай гарадской акрузе зарэгістравалі: прадстаўніка БНФ Яна Лагвіновіча, мясцовага грамадскага актывіста, журналістку Галіну Лазоўскую – шляхам збору подпісаў, і вылучэнца КПБ мінчука Сяргея Малішэўскага.
Нягледзячы на існаванне канкурэнцыі, падчас агітацыйнай кампаніі ўсе кандыдаты паводзілі сябе даволі пасіўна. Магчыма, што ахвоты ў правядзенні агітацыйных пікетаў не было з-за таго, што са спісу дазволеных месцаў райвыканкам выкрэсліў сапраўды прыдатныя для гэтага месцы, пакінуўшы толькі месца адпачынку - амфітэатр і задворкі - школьныя стадыёны. Толькі непасрэдна перад выбарамі каля амфітэатру быў праведзены адзін пікет, на якім шчыраваў БРСМ, раздаючы ўлёткі Лазоўскай.
Іншы “галоўны” кандыдат, Станіслаў Кулеш, таксама атрымоўваў пэўную дапамогу: на сустрэчу з ім выбаршчыкаў збіралі настаўнікі школы, у якой сустрэча адбывалася.
Кандыдаты Ян Лагвіновіч і Сяргей Малішэўскі ў перыяд агітацыі абмежаваліся толькі друкам сваіх праграм.
Прозвішча яшчэ адной кандыдаткі, Таццяна Шамодзі, напэўна, было сюрпрызам для многіх выбаршчыкаў, якія пабачылі яго ў бюлетэні. Пасля рэгістрацыі пра Шамодзі ніхто нічога не чуў.
Яшэ адным сюрпрызам для многіх выбаршчыкаў Маладэчанскай гарадской акругі падчас галасавання была адсутнасць у бюлетэнях прозвішча Лагвіновіча: пра рашэнне БНФ аб зняцці кандыдатаў і яго прычынах пераважная большасць нічога не чула.
Што датычыцца асвятлення выбарчай кампаніі ў мясцовых СМІ, то дзяржаўная “Маладзечанская газета” абмяжоўвалася выключна афіцыйнымі паведамленнямі. Да таго ж яна была заўважана ў неабыякавасці да кандыдаткі Лазоўскай, муж якой з’яўляецца рэдактарам газеты. Другое мясцовае выданне, недзяржаўная “Рэгіянальная газета”, таксама змяшчала толькі афіцыйныя звесткі, а ўласных матэрыялаў, ацэнак, меркаванняў – не было.
Пра парламенцкую кампанію на маладэчанскіх вуліцах і ў шматлюдных месцах таксама амаль нічога не нагадвала, што між іншым адзначылі і назіральнікі АБСЕ. Улёткі амаль усіх кандыдатаў з’явіліся незадоўга да выбараў і былі сціпла размешчаны ў адведзеных месцах. Як дызайн, так і змест улётак былі стандартнымі і малазаўважнымі.
Такім чынам, можна сцвярджаць, што вынікі выбараў былі цалкам прадказальнымі. Напэўна, гэтым і тлумачыцца пасіўнасць выбаршчыкаў. Адразу было відавочна, што яўку прыдзецца “ствараць”. Звесткі аб прымусе да датэрміновага галасавання паступалі з большасці маладэчанскіх арганізацый, працаўнікоў некаторых прыватных прадпрыемстваў развозілі па ўчастках на службовых аўтамабілях. У дзень выбараў назіральнікі таксама фіксавалі выпадкі “настойлівага запрашэння” да ўдзелу ў выбарах.
Назіральнік па Маладэчанскай гарадской акрузе Эдуард Баланчук падсумоўвае:
- Выбарчую кампанію цяжка наогул назваць кампаніяй з-за пасіўнасці як кандыдатаў, так і жыхароў. Відавочна, што да выбараў і да дэпутатаў у людзей даверу няма. Многія так і кажуць: навошта траціць грошы на кампанію, хай ужо дэпутатаў проста прызначаюць, бо зараз адбываецца амаль тое самае. Для назіральнікаў працэс застаецца поўнасцю закрытым, выбарчае заканадаўства з’яўляецца шматсэнсоўным, камісіі тлумачаць яго так, як ім выгадна. Выбары сталі “шляхам у нікуды”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма