Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Парламенцкія выбары ў рэгіянальным зрэзе: Баранавічы

  • Будынак Баранавіцкага райвыканкама
    Будынак Баранавіцкага райвыканкама

Яшчэ напярэдадні выбараў склаліся дзве групы грамадска-палітычных сілаў, якія занялі дыяметральна розныя пазіцыі ў адносінах да ўдзелу ў выбарах.

Першая група. Баранавіцкія сябры партыі левых “Справядлівы свет”, прадстаўнікі АГП і БСДП (Грамада) выступалі за ўдзел у парламенцкіх выбарах. Нягледзячы на ўдзел у выбарах, баранавіцкія сябры партыі левых “Справядлівы свет” правялі самую пасіўную парламенцкую кампанію за апошнія гады. Яны не напісалі аніводнай скаргі, аніводнага акту аб парушэнні выбарчага заканадаўства, не прымалі ўдзел у пікетах і сходах грамадзян.

Другая група. Сябры баранавіцкіх філій БХД, “Руху “За свабоду” і Партыі БНФ прытрымліваліся тактыкі актыўнага байкота гэтых псеўдавыбараў. Гарадская філія ПБНФ фактычна цалкам выйшла з складу партыі - таму партыйныя актывісты дзейнічалі ў гэтай палітычнай кампаніі самастойна, нават насуперак сваім партыйным кіраўнікам. Былыя сябры БНФ не прымалі ўдзел не толькі ў выбарах, але і ў працэсе назірання. Толькі Мікалай Чарнавус, які ўступіў у партыю БНФ па рэкамендацыі Рыгора Кастусёва за месяц да выбараў, дарэчы, мінуючы гарадскую структуру, якая была супраць яго кандыдатуры, удзельнічаў у якасці кандыдата ў дэпутаты ад Партыі БНФ. Асоба Мікалая Чарнавуса стала адной з асноўных прычын канфлікту гарадской структуры ПБНФ з кіраўніцтвам партыі.

Да прыхільнікаў байкоту выбараў неабходна аднесці нешматлікую групу грамадскіх актывістаў, якія займаліся распаўсюдам інфармацыйнага бюлетэня “Рабочая салідарнасць”.

У асвятленні парламенцкіх выбараў 2012 года найбольш актыўны ўдзел прыняла недзяржаўная гарадская газета “Intex-press”, якая падрабязна інфармавала сваіх чытачоў аб усіх стадыях парламенкіх выбараў. Газета праводзіла цікавыя апытанні грамадзян горада па праблемах выбараў, падрабязна апавядала пра ўсіх кандыдатаў у дэпутаты, перадрукоўвала цікавыя артыкулы з незалежных сайтаў. Зусім іншую пазіцыю заняла афіцыйная газета Баранавіцкага гарвыканкама і райвыканкама “Наш край”. На яе старонках напачатку друкавалася толькі афіцыйная інфармацыя пра парламенцкія выбары, газета не праводзіла апытанняў грамадзян, не падавала альтэрнатыўныя погляды палітыкаў на праблему парламенцкіх выбараў.

Асаблівасцю выбараў 2012 года з’яўляецца тое, што ў Баранавічах нарадзіўся новы інфармацыйны сайт - www.varuta.info, які падаваў не толькі цікавую, але і альтэрнатыўную інфармацыю аб грамадска-палітычным жыцці горада, у тым ліку падрабязна раскрывалася тэматыка парламенцкіх выбараў.

З грамадскіх актывістаў найбольш актыўна ўдзельнічалі ў выбарчым працэсе праваабаронца Сяргей Гоўша, грамадскі актывіст Рыгор Грык, Віктар Сырыца, кандытаты ў дэпутаты Мікалай Чарнавус і Анжаліка Камбалава.

У незалежным назіранні за парламенцкімі выбарамі прынялі ўдзел тры прадстаўнікі БХК (Іван Лабко, Аляксандр Паўлоўскі, Віктар Тяпін) і тры сябра Таварыства беларускай мовы (Віктар Мезяк, Ларыса Гоўша, Галіна Ярашэвіч).

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма