Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Гамяльчук патрабуе азнаямлення са спісам выбарцаў на яго ўчастку

Жыхар Гомеля Эдуард Нелюбовіч накіраваў заяву ў Цэнтральнуюю камісію па выбарах, ён просіць прадставіць яму магчымасць азнаёміцца са спісам выбарцаў па яго ўчастку для галасавання ў той частцы, якая мае адносіны да яго як выбарца.

Сваю просьбу патлумачыў так: ён удзелу ў галасаванні не прымаў, а абвешчаны афіцыйны вынік выбараў па Гомельскай-Цэнтральнай акрузе закранае ягоныя, як выбарца, правы і законныя інтарэсы. «У розных СМІ з'явілася інфармацыя аб тым, што выбарчыя камісіі фальсіфікавалі вынікі мінулых выбараў, у тым ліку і шляхам галасавання замест грамадзян, якія не прымалі ўдзел у галасаванні. Згодна з артыкулам 34 Канстытуцыі, грамадзянам гарантуецца права па атрыманне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, якія абавязаны прадставіць грамадзяніну магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі, якія закранаюць яго правы і законныя інтарэсы», - напісаў Эдуард Нелюбовіч у ЦВК.

Праваабаронца Леанід Судаленка лічыць, што жыхар Гомеля мае такое права – прыйсці у выканаўчы камітэт ці адміністрацыю раёна (орган, які фармаваў участковыя камісіі), дзе павінны захоўвацца спісы выбарцаў, і азнаёміцца са спісам, каб упэўніцца, што за яго ніхто не прагаласаваў. «А не прымаць удзел у галасаванні – гэта таксама права грамадзяніна», - заўважыў праваабаронца.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма