Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Баранавічы: ні пракурор, ні АВК не разглядаюць скаргу назіральніка па сутнасці

  • Віктар Мезяк
    Віктар Мезяк

Назіральнік Віктар Мезяк у адказ на сваю скаргу атрымаў 4 кастрычніка ліст за подпісам намесніка старшыні акруговай камісіі Баранавіцкай-Усходняй выбарчай акругі № 6 Ларысы Антонавай, дзе паведамляецца, што факты парушэння выбарчага заканадаўства на выбарчым участку № 19 (Дзіцячая паліклініка, вул. Чкалава, 2) падчас выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў не ўстаноўлены.

Яшчэ 24 верасня, на другі дзень пасля выбараў, Віктар Мезяк у скарзе пракурору горада прывёў канкрэтныя факты таго, што на выбарчым участку № 19 падлік галосоў быў непразрыстым і з парушэннем артыкула 13 Выбарчага кодэксу. Пракурор не стаў разбірацца з заяваю назіральніка - перанакіраваў яе ў АВК № 6. Аднак намесніца старшыні АВК Ларыса Антонава замест аб’ектыўнага вывучэння заявы і акта парушэння выбарчага заканадаўства абвінаваціла назіральніка Віктара Мезяка ў тым, што гэта ён парушыў артыкул 13 Выбарчага кодэкса і ўмешваўся ў працу выбарчай камісіі.

– Я не парушаў ніякага выбарчага заканадаўства, ціха сядзеў за сем метраў ад месца падліку галасоў і нічога не бачыў. Аб гэтым я і пісаў у сваёй заяве, і адзначыў ў акце, што ўчастковая камісія на выбарчым участку № 19 стварыла такія ўмовы, што назіраць можна было за ўсім, толькі не за сумленным падлікам галасоў, – паведаміў Віктар Мезяк. – Буду зноў скардзіцца пракурору горада, што АВК № 6 не хоча разглядаць маю скаргу па сутнасці і беспадстаўна мяне абвінавачвае ў парушэнні выбарчага заканадаўства.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма