Івацэвіцкі назіральнік за выбарамі застанецца без працы
Слесар райводаканала Івацэвіцкай жыллёва-камунальнай гаспадаркі Станіслаў Халадовіч, які быў назіральнікам падчас парламенцкіх выбараў, атрымаў на рукі папярэджанне аб тым, што з ім з 7 лістапада не будзе працягнуты працоўны кантракт. Тым часам, як на водаканале не хапае ажно 40 работнікаў.
А вопытных работнікаў з сярэднеспецыяльнай адукацыяй, такіх, як Халадовіч, у прынцыпе не засталося, бо выехалі на заробкі за межы рэспублікі. Зараз на водаканале ў асноўным працуюць маладыя спецыялісты пасля ПТВ.
Па словах Халадовіча, спагнанняў на
працы ён не меў, а ў 2009 годзе нават быў узнагароджаны граматай за выдатную працу.
Станіслаў Халадовіч лічыць сваё звальненне палітычна матываваным, кажа, што хвалю незадавальнення кіраўніцтва ўзнялі сёлетнія парламенцкія выбары: ён быў назіральнікам на
ўчастку №6 выбарчай акругі №11, якой кіраваў дырэктар райводаканала Уладзімір Бурдзь. Гэты ўчастак даў самы
нізкі працэнт яўкі на выбарах у раёне. І гэта пры нахабных прыпісках, кажа
Халадовіч.
Ён адзначае, што калі ў 2010 годзе за ўдзел у Плошчы адседзеў 15 сутак у
Жодзінскім СІЗА, звольнены не быў - пазней быў пераведзены падменным слесарам з
паніжэннем заробку, не было росту і ў катэгорыі.
Абскарджваць цяперашняе рашэнне дырэкцыі Івацэвіцкай ЖКГ Станіслаў Халадовіч не збіраецца, паколькі расчараваўся ў беларускай судовай сістэме і не верыць у справядлівае рашэнне суда.
Каментароў пакуль няма