Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Цэнтрвыбаркам не стаў разглядаць болей за 100 скаргаў магілёўскіх назіральнікаў

  • Юрый Новікаў
    Юрый Новікаў

Пра гэта паведамляе магілёўскі каардынатар кампаніі “За справядлівыя выбары-2012” Юрый Новікаў, які днямі атрымаў пісьмовы адказ ад кіраўніцы Цэнтральнай камісіі па выбарах Лідзіі Ярмошынай.

Нагодай для адмовы ў разглядзе скаргаў стала тое, што Юрый Новікаў склаў усе гэтыя скаргі ў адзін канверт і выслаў іх па пошце, пазначыўшы свой зваротны адрас. Гэтым учынкам ён, паводле Ярмошынай, парушыў артыкул 4 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў”.

Паводле гэтага закону грамадзяне мусяць рабіць альбо асабістыя звароты альбо праз сваіх прадстаўнікоў. Прадстаўнікі заяўнікоў ажыццяўляюць свае паўнамоцтвы на падставе актаў заканадаўства альбо па даверанасці, аформленай у парадку, які ўстаноўлены заканадаўствам.  

У сувязі з тым, што паўнамоцтвы Юрыя Новікава на падачу зваротаў ад імя іншых грамадзян нічым не пацверджаны, у адпаведнасці з артыкулам 15 вышэйузгаданага Закона, звароты застаюцца без разгляду.

“У дадзеным выпадку абскардзіць рашэнне Цэнтрвыбаркаму праз суд немагчыма. Абскарджваць у судзе можна толькі вынікі прэзідэнцкіх выбараў. Тут парушана канстытуцыйнае права на судовае разбіральніцтва. Гэта паказвае аблічча нашай недасканалай заканадаўчай сістэмы”, - каментуе праваабаронца Барыс Бухель.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма