Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Пракуратура не задаволіла скаргу салігорскага назіральніка за выбарамі

Пракуратурай Салігорскага раёна была разгледжана скарга назіральніка ад Беларускага Хельсінкскага камітэту Уладзіміра Шылы, у якой ён звяртаў увагу на шэраг парушэнняў Выбарчага кодэксу падчас выбараў 23 верасня.

Патрабаванне правядзення публічнай праверкі спісаў выбарцаў на салігорскім выбарчым ўчастку №76 з удзелам незалежных назіральнікаў пракуратурай наўпрост праігнаравана. Знікненне са спісу 381 выбарца літаральна за ноч пракурор Салігорскага раёна В. І. Бельчын абгрунтаваў “удакладненнем спісу выбарцаў членамі камісіі напярэдадні кожнага тура галасавання”. Які новы тур выбараў мог адбыцца ў ноч з 22 на 23 верасня, спадар Бельчын не патлумачыў.

Не менш экзатычнае тлумачэнне знайшлося ў пракуратуры і па факце несупадзення больш чым на дзве сотні дадзеных незалежнага назіральніка па колькасці грамадзян, якія прагаласавалі непасрэдна ў дзень выбараў, з афіцыйнымі лічбамі выбарчай камісіі. Па выніках пракурорскай праверкі высветлілася, што назіральнік ад БХК “не заўсёды прысутнічаў у памяшканні для галасавання, часам выходзіў”. Сам Уладзімір Шыла горача іранізуе з гэтай ногды: “Бадай адзінай памылкай назіральнікаў на гэтых выбарах была адсутнасць памперсаў. Мабыць варта ад новага парламенту запатрабаваць унясення адпаведных дапаўненняў у Выбарчы кодэкс”.

Што да факту знаходжання на ўчастку №76 намесніка старшыні па ідэалагічнай працы Салігорскага райвыканкама Н. І. Маскевіча, дык у сваім адказе пракурор В. І. Бельчын дадзеную інфармацыю пацвердзіў. У адрозненне ад старшыні акруговай камісіі Таццяны Ярота, пракурор Салігоршчыны не стаў абвяргаць знаходжанне галоўнага ідэолага на ўчастку ў якасці службовай асобы, але спаслаўся на адсутнасць у Выбарчым кодэксе “забароны на прысутнасць у памяшканнях для галасавання прадстаўнікоў мясцовай улады”. Гэткай наўпроставай забароны ў выбарчым заканадаўстве насамрэч няма, але з іншага боку выбарчае зканадаўства дае абсалютна абмежаваныя магчымасці для знаходжання ў памяшканні для галасавання. Акрамя выбарцаў ды сябраў камісіі, артыкулам 13 Выбарчага кодэксу гэткае права маюць толькі зарэгістраваныя назіральнікі, прадстаўнікі СМІ і, пры падліку галасоў, самі кандыдаты.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма