Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Цэнтрвыбаркам не задаволіў скаргу магілёўскай назіральніцы

Аліна Скрэбунова прасіла Цэнтральную камісію па выбарах не прызнаваць вынікі галасавання на ўчастку №48, які ўваходзіць у склад Шклоўскай выбарчай акругі №90. Паводле назіральніцы віртуальны падлік выбаршчыкаў, якія прыйшлі галасаваць, не адпавядаў іх колькасці, пазначанай у пратаколе.

Кіраўніца Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына ў пісьмовым адказе адзначыла, што ў адпаведнасці з Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь вынікі выбараў, у тым ліку і прызнанне іх адбыўшыміся, устанаўліваюцца ў цэлым па акрузе, а не па асобных участках для галасавання.

Акрамя таго віртуальны падлік галасоў выбаршчыкаў не параджае ніякіх прававых наступстваў, бо ў адпаведнасці з Выбарчым кодэксам, часткамі 5 і 6 артыкула 55, колькасць выбаршчыкаў, якія атрымалі бюлетэні, устанаўліваецца па спісе выбаршчыкаў, а колькасць выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні – па бюлетэнях, якія знаходзіліся ў скрынях для галасавання.

Аліна Скрэбунова таксама звяртала ўвагу на тое, што падлік бюлетэняў з розных скрыняў не адбываўся па-асобку. На гэта Лідзія Ярмошына адказала, што гэта можа сведчыць пра парушэнне працэдурнага характару, а не пра волевыяўленне выбаршчыкаў.

Генеральная пракруратура, куды таксама была даслана скарга Аліны Скрэбуновай на парушэнні выбарчага заканадаўства, перадаслана для разгляду ў Пракуратуру Магілёўскага раёна.

“Адказ Лідзіі Ярмошынай сведчыць пра тое, што сведчанні назіральнікаў для выбарчых камісій не маюць ніякай вагі. Акрамя таго, у судах, дзе паказанні сведкаў-назіральнікаў мелі б юрыдычнае значэнне, немагчыма абскардзіць вынікі галасавання. Атрымліваецца замкнёнае кола. Камісіі кажуць, што мы не суд, каб выслухваць паказанні назіральнікаў, а суды кажуць, што судзіць не могуць”, - каментуе сітуацыю праваабаронца Барыс Бухель.

Ён называе гэта “хітрасцю нашых заканадаўцаў”, якія ў парушэнне канстытуцыйных правоў фактычна забаранілі грамадзянам, нязгодным з хадой выбарчага працэсу, абскарджваць дзеянні і рашэнні выбаркамаў у судзе.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма