Былы кандыдат спрабуе абскардзіць вынікі выбараў праз Вярхоўны суд
Былы кандыдат па Гомельскай-Савецкай акрузе №34 Ігар Случак накіраваў скаргу ў Вярхоўны суд на вынікі выбараў па акрузе. Ён просіць ВС адмяніць пастанову ЦВК ад 5 кастрычніка ад адмове ў задавальненні скаргі аб правядзенні паўторнага пераліку галасоў выбарцаў па Гомельскай-Савецкай акрузе. Таксама былы кандыдат просіць Вярхоўны суд прызначыць паўторны пералік галасоў па акрузе.
У скарзе Ігар Случак піша, што на дваццаці сямі ўчастках для галасавання незалежныя назіральнікі і давераныя асобы кандыдата вялі паралельны падлік галасоў, як на датэрміновым галасаванні, так і ў дзень выбараў. Пералічваючы дадзеныя з розных участкаў, экс-кандыдат піша, што яўка камісіямі была завышана практычна ўдвая. Напрыклад, на ўчастку №3 акругі прагаласавалі, па дадзеных назіральнікаў, 37,44% выбарцаў, камісія ж напісала ў пратаколе яўку 68,93%. На участку №4, па інфармацыі назіральнікаў, прагаласавалі 24,7% выбарцаў, а камісія падала звесткі пра 69,38% прагаласаваўшых. Аналагічная сітуацыя склалася і на іншых участках акругі.
«На падставе такіх дадзеных, а таксама скаргаў васемнаццаці назіральнікаў я звярнуўся ў ЦВК з заявай, дзе прасіў правесці паўторны пералік галасоў. Сваёй пастановай ЦВК адмовіла мне ў яе задавальненні. Лічу дадзеную пастанову несправядлівай на падставе вышэйпералічанага», - выказаў меркаванне былы кандыдат у заяве ў ВС.
«Выбарчы кодэкс не прадугледжвае права кандыдата ў дэпутаты абскарджваць вынікі выбараў у судзе, але, тым не менш, мною такая скарга была пададзеная, зыходзячы з нормаў, што замацаваны ў Канстытуцыі, а гэтыя нормы стаяць вышэй за заканадаўчыя. Таму калі ў Вярхоўнага Суда будзе добрая воля, то ён разгледзіць маю заяву і прызначыць паўторны падлік галасоў па акрузе, дзе я абіраўся. Бо факты, зафіксаваныя назіральнікамі, сведчаць аб тым, што парушэнні выбарчага заканадаўства былі. Калі вынік будзе адмоўным, то гэта будзе азначаць адмову ў правасуддзі. Акрамя гэтага, у выбарчым заканадаўстве шмат белых плямаў, што не дазваляюць зрабіць падлік галасоў празрыстым, і гэту праблему таксама трэба вырашаць», – пракаментаваў Ігар Случак.
Каментароў пакуль няма