Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Слуцк: Экс-кандыдат збіраецца выкрыць ілжэсведчанне абранага дэпутата

Слуцкі РАУС адмовіў экс-кандыдату ў дэпутаты Аляксандру Шыловічу ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да яго былога начальніка, які прылюдна абразіў яго на сустрэчах з выбаршчыкамі.
Нагадаем, яшчэ падчас выбарчай кампаніі кандыдат па Слуцкай выбарчай акрузе № 67 Аляксандр Шыловіч звярнуўся ў міліцыю з скаргай на экс-боса Уладзіміра Пратасеню, які агаварыў і абразіў яго на двух сустрэчах з выбаршчыкамі.
На сустрэчы, якая праходзіла ў доме культуры моладзі 12 верасня, экс-шэф Шыловіча публічна назваў яго злодзеем і крымінальнікам. Праз два дні на сустрэчы ў Слуцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы Уладзімір Пратасеня заявіў, што кандыдат ніводнага дня ў сваім жыцці не працаваў, і ў яго няма працоўнай кніжкі.
Аляксандр Шыловіч атрымаў адказ з міліцыі, у якім тлумачацца прычыны адмовы ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.
Апытаны супрацоўнікамі РАУС Уладзімір Пратасеня абверг заяву Шыловіч, патлумачыўшы, што злодзеем яго не называў, і пра тое, што кандыдат нідзе не працаваў, таксама не казаў.
Словы Пратасені пацвердзілі абраны дэпутат парламента Інэса Кляшчук, яе памочніца Клаўдзія Шпакоўская, галоўны ўрач Слуцкай цэнтральнай раённай бальніцы і дэпутат Мінскага абласнога савета Уладзімір Наўрась, начальнік аддзела кадраў Слуцкага цукрарафінаднага камбінату Аляксандр Стром і сябра акруговай камісіі Пётр Даўгучыц. Мяркуючы па адказу з РАУС, усе яны ў адзін голас заявілі, што выказванняў, якія абражаюць гонар і годнасць Аляксандра Шыловіча, на сустрэчах з выбаршчыкамі не гучала.
«У звароце ў міліцыю я свядома не ўказаў іншых сведак, якія чулі, як Пратасеня мяне абразіў, - тлумачыць Аляксандр Шыловіч. - Мне было цікава, якія паказанні дадуць дэпутат, яе давераная асоба, памочніца і іншыя сведкі, надзеленыя ўладай ».
Экс-кандыдат мае намер давесці справу да суда. Але спачатку Шыловіч звернецца ў міліцыю і пракуратуру, каб праваахоўныя органы правялі паўторную праверку з прыцягненнем новых сведак. «Цяпер я не толькі хачу абараніць свой гонар і годнасць, але і выкрыць ілжэсведчанне дэпутата Інэсы Кляшчук», - кажа Аляксандр Шыловіч.

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма