Слуцк: Экс-кандыдат збіраецца выкрыць ілжэсведчанне абранага дэпутата
Слуцкі РАУС адмовіў экс-кандыдату ў дэпутаты Аляксандру Шыловічу
ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да яго былога начальніка, які прылюдна
абразіў яго на сустрэчах з выбаршчыкамі.
Нагадаем, яшчэ падчас выбарчай кампаніі кандыдат па Слуцкай выбарчай акрузе №
67 Аляксандр Шыловіч звярнуўся ў міліцыю з скаргай на экс-боса Уладзіміра
Пратасеню, які агаварыў і абразіў яго на двух сустрэчах з выбаршчыкамі.
На сустрэчы, якая праходзіла ў доме культуры моладзі 12 верасня, экс-шэф Шыловіча
публічна назваў яго злодзеем і крымінальнікам. Праз два дні на сустрэчы ў
Слуцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы Уладзімір Пратасеня заявіў, што кандыдат
ніводнага дня ў сваім жыцці не працаваў, і ў яго няма працоўнай кніжкі.
Аляксандр Шыловіч атрымаў адказ з міліцыі, у якім тлумачацца прычыны адмовы ва
ўзбуджэнні крымінальнай справы.
Апытаны супрацоўнікамі РАУС Уладзімір Пратасеня абверг заяву Шыловіч,
патлумачыўшы, што злодзеем яго не называў, і пра тое, што кандыдат нідзе не
працаваў, таксама не казаў.
Словы Пратасені пацвердзілі абраны дэпутат парламента Інэса Кляшчук, яе
памочніца Клаўдзія Шпакоўская, галоўны ўрач Слуцкай цэнтральнай раённай
бальніцы і дэпутат Мінскага абласнога савета Уладзімір Наўрась, начальнік
аддзела кадраў Слуцкага цукрарафінаднага камбінату Аляксандр Стром і сябра
акруговай камісіі Пётр Даўгучыц. Мяркуючы па адказу з РАУС, усе яны ў адзін
голас заявілі, што выказванняў, якія абражаюць гонар і годнасць Аляксандра
Шыловіча, на сустрэчах з выбаршчыкамі не гучала.
«У звароце ў міліцыю я свядома не ўказаў іншых сведак, якія чулі, як Пратасеня
мяне абразіў, - тлумачыць Аляксандр Шыловіч. - Мне было цікава, якія паказанні
дадуць дэпутат, яе давераная асоба, памочніца і іншыя сведкі, надзеленыя ўладай
».
Экс-кандыдат мае намер давесці справу да суда. Але спачатку Шыловіч звернецца ў
міліцыю і пракуратуру, каб праваахоўныя органы правялі паўторную праверку з
прыцягненнем новых сведак. «Цяпер я не толькі хачу абараніць свой гонар і
годнасць, але і выкрыць ілжэсведчанне дэпутата Інэсы Кляшчук», - кажа Аляксандр
Шыловіч.
Каментароў пакуль няма