Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Брэст: былы кандыдат у дэпутаты збіраецца судзіцца з гарвыканкамам

Жыхар абласнога цэнтру Аляксандр Мельнік, які браў удзел у паламенцкіх выбарах у якасці кандыдата ў дэпутаты па Брэсцкай-Заходняй акрузе №1, накіраваў скаргу ў суд, дзе ў якасці адказчыка пазначаны Брэсцкі гарвыканкам.

Па словах Мельніка, падставай для такіх дзеянняў стаў адказ мясцовых уладаў на ягоны ліст, у якім ён прасіў ініцыяваць адміністратыўны працэс у дачыненні да старшыні ўчастковай камісіі №39 Леаніда Валабуева. Як лічыць былы прэтэндэнт на дэпутацкі мандат, гэты кіраўнік участковага выбаркаму груба парушыў Выбарчы кодэкс, калі спачатку забараніў Аляксандру Мельніку прысутнічаць падчас падліку бюлетэняў, а пасля загадаў, каб падлік адбываўся не на ўчастку для галасавання ў брэсцкай чыгуначнай лякарні, а ў службовым пакоі намесніка галоўнага лекара гэтай установы.

Як паведаміў Аляксандр Мельнік, у атрыманым з гарвыканкама адказе гаворыцца, што ў дзеяннях Леаніда Валабуева няма падстаў для прыцягнення да адміністратыўнай адказнасці і выбарчае заканадаўства ён не парушаў. “У адказе няма аргументаванага тлумачэння, чаму ўлады прыйшлі да такой высновы, - кажа Мельнік. – Акрамя таго, калі гарвыканкам выносіць пастанову аб спыненні справы аб адміністратыўным правапарушэнні, павінен быць абвешчаны тэрмін і парадак абскарджання пастановы. Гэтага ў адказе няма”.

Таму Аляксандр Мельнік у сваёй заяве ў суд Ленінскага раёна Брэста просіць прызнаць бяздзейнасць мясцовага гарвыканкама, які парушыў працэдуры, усталяваныя Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма