Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Магілёўская пракуратура не знайшла складу злачынства ў дзеяннях старшыні акруговай камісіі

Магілёўская пракуратура не знайшла складу злачынства ў дзеяннях старшыні акруговай выбарчай камісіі №87 Аляксандра Кажамякіна. Такі адказ атрымаў кіраўнік Магілёўскай абласной арганізацыіі БНФ “Адраджэньне” Зміцер Салаўёў ад дадзенай дзяржаўнай структуры.

Паводле намесніка кіраўніка пракурора Кастрычніцкага раёна Магілёва сп. Карачэнкі, пасля звароту Зміцера Салаўёва ў пракуратуру з нагоды адмовы ў акрэдытацыі прадстаўнікам БНФ “Адраджэньне” у якасці назіральнікаў на выбарчых участках Прамысловай акругі №87,  была праведзена праверка. Па выніках гэтай праверкі было адмоўлена ва ўзбуджэнні крымінальнай справы на падставе п.2 ч.1 арт.29 Крымінальна-працэсуальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Нагадаем, што 19 верасня 2012 года старшыні ўчастковых выбарчых камісій №45, №56, №58 і №64 Прамысловай выбарчай акругі №87 не дапусцілі назіральнікаў ад БНФ “Адраджэньне” на выбарчыя ўчасткі. Нагодай для гэтага стала тое, што арганізацыя БНФ “Адраджэньне” не знаходзіцца па юрыдычным адрасе.

Кіраўнік магілёўскай абласной арганізацыі БНФ “Адраджэньне” Зміцер Салаўёй кажа, што зверху быў дадзены загад, каб не даводзіць гэтую справу да крымінальнай.

“Натуральна, што сп. Кажэмякін парушаў заканадаўства і па надуманных прычынах не дапусціў нашых назіральнікаў да працэсу назірання за працэдурай галасавання і падліку галасоў. Тое, што наша арганізацыя не знаходзіцца па юрадрасу яго не павінна хваляваць. У аблюста да нас прэтэнзій няма, тым болей, што ён тут залез у неналежнае яму пытанне.

Іншага адказу ад пракуратуры я і не чакаў. Будзем скардзіцца ў суд і праз суд даказваць парушэнне Выбарчага кодэкса”, - кажа Зміцер Салаўёў.

Зміцер не выключае верагоднасці таго, што Аляксандр Кажэмякін рознымі шляхамі хацеў забяспечыць элегантную перамогу свайму калегу па працы з “Магілёўхімвалакно” Ігару Станкевічу, які працаваў на той момант старшынёй прафкама ўзгаданага прадпрыемства і які балатаваўся ў дэпутаты па ягонай акрузе.

Лідэр мясцовай арганізацыі БНФ “Адраджэньне” таксама адзначае, што раённая пракуратура парушыла Закон “Аб звароце грамадзян” і дала адказ не на мове звароту.

“Буду таксама акцэнтаваць на гэтым увагу. Кожны чыноўнік мусіць паважаць грамадзян і адказваць ім на мове звароту. Закон мусіць выконвацца, ведае чыноўнік мову ці не. Калі яё не здатны яе вывучыць, то паўстае пытанне аб яго кампетэнцыі”, - кажа Зміцер Салаўёў.

 

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма